Адмена ЗША санкцый у дачыненні да беларускага калію і “Белавія” адыходзіць на задні план у святле прымянення амерыканцамі да ўсіх беларускіх тавараў 25%-й пошліны. Пад гэтае абмежаванне Беларусь трапляе, бо гандлюе з Іранам. Аб сваім рашэнні ўвесці 25-працэнтныя пошліны ў дачыненні да ўсіх краін, якія супрацоўнічаюць з Іранам, Дональд Трамп паведаміў у Truth Social. Трамп падкрэсліў, што рашэнне набывае моц неадкладна і перагляду не падлягае.

Беларусь аказваецца ў ліку першых “бенефіцыяраў” абмежавальных мер ЗША, паколькі актыўна супрацоўнічае з Іранам, уключаючы і гандлёвыя адносіны ў рамках пагаднення паміж ЕАЭС і гэтай краінай аб свабодным гандлі, піша “Беларусы і рынак”.
Гадавая інфляцыя ў Беларусі летась склала сем працэнтаў
Індэкс спажывецкіх цэн на тавары і паслугі ў снежні ў параўнанні з лістападам склаў 100,3%, у параўнанні са снежнем 2024 — 106,8%, паведамляе Белстат. Такім чынам, гадавая інфляцыя ў Беларусі летась склала амаль сем працэнтаў, а ўрад прагназаваў утрымаць яе ў межах 5%. Пры гэтым у Беларусі дзейнічае рэгуляванне цэн на шэраг асноўных тавараў, а таксама дзяржава субсідуе аплату камунальных паслуг.
Па выніках 2026 года інфляцыя, паводле прагнозу ўрада, павінна скласці не больш за 7%.
У Беларусі выпусцілі 150-тысячны аўтамабіль Belgee
З канвеера СЗАТ «БЕЛДЖЫ» сышоў юбілейны – 150-тысячны – аўтамабіль беларускай вытворчасці. Ім стаў красовер X70 у камплектацыі Style з поўным прывадам. Усяго «БЕЛДЖЫ» выпускае сёння чатыры мадэлі пад уласным брэндам. Самым папулярным лічыцца красовер X50.
Вытворчая магутнасць прадпрыемства зараз складае да 120 тысяч аўтамабіляў у год. У снежні на долю беларускага вытворцы прыпала 70 працэнтаў усіх продажаў новых легкавых аўтамабіляў.
З краін альянсу “Меркасур” у ЕЗ ужо пастаўляецца шмат тавараў
«Пастаўкі з краін «Меркасур» паводле льготных тарыфаў будуць складаць не больш за 2% сельскагаспадарчай вытворчасці або спажывання ЕЗ. У глабальным маштабе я не бачу вялікай пагрозы», – кажа ў інтэрв’ю для выдання Dziennik Gazeta Prawna прафесар Лукаш Амброзяк з Інстытута эканомікі сельскай гаспадаркі.
Амброзяк лічыць, што вакол дамовы ЕЗ аб супрацоўніцтве з краінамі Паўднёвай Амерыкі «Меркасур» узнікла шмат міфаў. Сярод іншага, ён сцвярджае, што ўжо сёння кожны дзень у краіны ЕЗ паступаюць тавары з «Меркасур» і што без гэтага аказалася б у пагрозе харчовая бяспека Еўропы.
Еўразвяз хоча падпісаць буйную дамову з “Меркасур”, але ў Еўропе ў сувязі з гэтым выбухнулі пратэсты фермераў.
Беларускае Радыё Рацыя






