Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп чарговы раз звярнуўся да краін Еўропы з патрабаваннем «спыніць купляць нафту» ў Расеі. Пра гэта ён заявіў падчас сустрэчы ў штаце Вірджынія, паведамляе Bloomberg.

Паводле амерыканскага лідара, еўрапейцы павінны цалкам адмовіцца ад расейскай сыравіны. Хоць большасць дзяржаў Еўразвяза перасталі рабіць прамыя закупкі пасля ўварвання Расеі ва Украіну ў 2022 годзе, невялікія аб’ёмы працягваюць паступаць у Венгрыю і іншыя краіны Усходняй Еўропы. Акрамя таго, еўрапейскія дзяржавы набываюць паліва ў Індыі і Турцыі, дзе выкарыстоўваецца расійская нафта.
Трамп даручыў прадстаўніку ЗША ў НАТА Мэту Вітакеру ўзмацніць ціск на саюзнікаў і падкрэсліў, што вайна ва Украіне можа скончыцца хутчэй, калі кошты на нафту «яшчэ крыху знізяцца».






