У Мінпрыроды Беларусі абмеркавалі “максімальна магчымае павелічэнне здабычы нафты”. Раней быў сфарміраваны план-графік правядзення геолагаразведачных работ, разлічаны да 2030 года і зацверджаны ўрадам. Цяпер жа адбылося першае пасяджэнне кансультатыўнага савета. На ім гаворка ішла пра тое, што Навукова-вытворчы цэнтр па геалогіі і “Беларуснафта” распрацуюць сумесную праграму па пошуку вуглевадародаў у паўднёвай частцы Прыпяцкага прагіну.

Яшчэ вясной Лукашэнка паставіў перад новым міністрам прыродных рэсурсаў задачу шукаць у краіне нафту і іншыя карысныя выкапні: “Трэба капаць і шукаць”, – заявіў Лукашэнка. Як вынік — сёлета нафту ўпершыню пачалі шукаць у Віцебскай вобласці, заўважае “Еўрарадыё”.
У Беларусі за год здабываюць каля 1,9 мільёнаў тон нафты, што складае 15% ад патрэб эканомікі. Асноўныя месцы залягання нафты знаходзяцца ў Гомельскай вобласці.
Менчук пазычыў грошы тром людзям пад працэнты і парушыў закон
Жыхар сталіцы пазычыў тром людзям грошы пад працэнты, якія “капалі” пяць гадоў. 50-гадовым мужчынам зацікавілася падатковая.
Паводле звестак пракуратуры, за пяць гадоў мужчына зарабіў на працэнтах больш за 48 тысяч рублёў. Пры гэтым ён не зарэгістраваўся ў Адзіным рэгістры юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў. Таму падатковая палічыла, што мужчына займаўся незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасцю. Суд прызнаў яго вінаватым і прызначыў штраф у 50 базавых велічынь (2 тысячы рублёў) з канфіскацыяй 20% ад атрыманага даходу. Пастанова набыла законную моц, піша “Наша Ніва”.
Бізнесу ў Польшчы патрэбныя мігранты
Польскія прадпрымальнікі, менеджары і галіновыя арганізацыі падкрэсліваюць, што эканоміцы патрэбная падтрымка ў выглядзе кваліфікаванай і некваліфікаванай працоўнай сілы з-за мяжы.
– Польскай эканоміцы і прадпрымальнікам патрэбныя не толькі адукаваныя працаўнікі з-за мяжы, але і рабочыя для простай працы, асабліва ў сферы паслуг, гэта ўмова нашага далейшага эканамічнага развіцця, – кажа ў размове з выданнем Puls Biznesu галоўны эканаміст арганізацыі “Працадаўцы Польшчы”.
Не хапае будаўнікоў, экспедытараў, транспартнікаў, а ў медыцынскай службе – медсясцёр. Сёлета такія галіны, як сельская гаспадарка, гатэлі і грамадскае харчаванне, асабліва адчувалі недахоп кадраў, што стала ў тым ліку вынікам запаволення прытоку рабочых з Азіі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: belchemoil.by.






