BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

Трэнды ў беларускай эканоміцы на 2024 год

Старшы навуковы супрацоўнік BEROC Дзмітрый Крук вылучае тры асноўныя трэнды, якія чакаюць эканоміку цягам 2024 года.

Па-першае, на думку эксперта, Беларусь чакае пагаршэнне стану знешняга гандлю. Адбывацца гэта будзе прынамсі праз тое, што будуць пагаршацца ўмовы для экспарту ў Расею. Другім трэндам наступнага года эканаміст называе паскарэнне інфляцыі. Якім будзе яе ўзровень і як хутка яна будзе паскарацца, залежыць ад некалькіх фактараў — стану расейскай эканомікі, інфляцыі ў РФ, палітыкі Нацбанка і так далей. Па словах эксперта, у адносна аптымістычным сцэнарыі інфляцыя ў 2024 годзе паступова пяройдзе ў дыяпазон 7-10%, а ў найгоршым — стане непрадказальнай. Трэцім трэндам Дзмітрый Крук называе пагаршэнне фінансавага стану рэальнага сектару эканомікі. Выдаткі працягваюць расці, а праз недахоп працоўнай сілы даводзіцца павышаць заробкі. (nashaniva.com)

Замест касмічных даследавання – бульбасховішча

Урад скараціў расходы Нацыянальнай акадэміі навук на 2,3 млн рублёў, каб за іх пабудаваць бульбасховішча на Талачынскім кансервавым заводзе. Расходы акадэміі навук скароцяць па трох напрамках. Асноўную частку грошай забяруць з праграмы стварэння Беларускай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандавання Зямлі — каля 2 млн рублёў. Астатняе дабяруць з выдаткаў на правядзенне сацыялагічных даследаванняў ды з іншых крыніц.

Бульбасховішча на 20 тысяч тон з’явіцца на Талачынскім кансервавым заводзе. Гэта прадпрыемства выпускае віны, паўфабрыкаты для бульбы-фры, крухмал і іншую прадукцыю.

Базавая велічыня ў Беларусі вырасце з Новага года

1 студзеня ў Беларусі павялічыцца базавая велічыня. Цяпер базавая велічыня складае 37 рублёў. З новага года яна складзе 40 рублёў. Да базавай велічыні прывязаныя памеры штрафаў, а таксама некаторыя дапамогі, стыпендыі, іншыя выплаты, падаткі і зборы.

Цэны на рыс у свеце перавысілі 15-гадовы максімум

Кошт эталоннага тайскага белага рысу дасягнуў 659 даляраў за тону. Гэта найвышэйшы паказчык з кастрычніка 2008 года, піша Bloomberg.

За 2023 год сусветныя цэны на рыс падскочылі на 38%. Эксперты звязваюць гэта з некалькімі засушлівымі перыядамі, у выніку чаго вытворчасць рысу ў асноўных рэгіёнах знізілася. Акрамя таго, адзін з вядучых пастаўшчыкоў гэтай прадукцыі (Індыя) абмежаваў яе экспарт. Аналітыкі чакаюць некаторага зніжэння цэн не раней за студзень-люты. Як паведамляецца, у наступным годзе Тайланд паставіць на рынак каля 2 млн тон, а Індыя – не менш за 1 млн.

Як піша Office Life, у Беларусі ў кастрычніку чарговы раз адкарэкціравалі 713-ю пастанову і прыбралі з цэнавага рэгулявання большасць сартоў рысу, за выключэннем белага.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: pixaby.com.