Некаторыя змены адбыліся яшчэ ў канцы мінулага года. Так, візавы цэнтр Венгрыі знізіў памер сэрвіснага збору да 18 еўра, а да гэтага збор складаў 21 еўра. Візавы цэнтр Літвы ўсталяваў памер сэрвіснага збору ў 15 еўра 90 цэнтаў, а было 19 еўра, 90 цэнтаў. У візавым цэнтры Нарвегіі новы памер збору складае 75 еўра замест ранейшых 80 еўра.
Раней паведамлялася, што візавыя цэнтры Польшчы павысілі цану на некаторыя дадатковыя паслугі. Але насамрэч, заўважае “Свабода”, павелічэнне кошту такіх паслуг, як sms-апавяшчэнне, кур’ерская дастаўка, фота, паслугі прэміўм-залі, “прайм-тайм” ды іншых закранула не толькі візавыя цэнтры Польшчы, а ў цэлым візавыя цэнтры некаторых краін, якія прадстаўляе кампанія VFS. Напрыклад, Венгрыі, Харватыі, Эстоніі.
Дзяржава нацыяналізавала электрападстанцыю “Рэчыца”
Дзяржава нацыяналізавала электрападстанцыю “Рэчыца”, якая належала прыватнай кампаніі з брытанскім капіталам “Солар Лэнд”, піша “Зеркало”. Справу супраць кампаніі разглядаў эканамічны суд Магілёўскай вобласці. Іск, які датычыўся прызнання права ўласнасці, падало Міністэрства энергетыкі.
Гаворка ідзе пра сонечную электрастанцыю на выселеных тэрыторыях Чэрыкаўскага раёна Магілёўшчыны. Там усталявалі 388 тысячы фотаэлектрычных модуляў. Гэта найбуйнейшая сонечная электрастанцыя ў краіне. Будаўніцтва пачалося ў 2018-м. Заказчыкам было ТАА “Солар Лэнд”, а інвестыцыі ўклала ірландская кампанія “Камеліясайд Лімітэд”. Першым месяцам камерцыйнай эксплуатацыі электрастанцыі стаў люты 2022 года. Пасля ўзніклі праблемы з дзяржавай. Электрастанцыю адключылі ад нацыянальнай энергасістэмы, а “Солар Лэнд” страціў да яе доступ.
МАЗ прываблівае новых працаўнікоў бонусам 5000 рублёў
На МАЗ увялі бонус 5000 рублёў, які будзе выплачвацца некаторым працаўнікам пры іх працаўладкаванні на прадпрыемства. Размова ідзе пра аднаразовае ўзнагароджанне для тых, хто прыйдзе на працу на завод пасля праходжання тэрміновай ваеннай службы ва Узброеных сілах краіны. Гэта зрабілі па загадзе гендырэктара, каб прыцягваць і замацоўваць на вытворчасці такіх работнікаў.
Пры гэтым ёсць дзве ўмовы, каб атрымаць такі бонус. Першае – працаўладкаванне на працягу трох месяцаў пасля заканчэння тэрміновай ваеннай службы, а другое – заключэнне працоўнай дамовы на 5 гадоў.
Раней у лістападзе мінулага года “Мінскі трактарны завод” паабяцаў выплачваць супрацоўнікам па 500 рублёў, калі яны прывядуць на прадпрыемства новых супрацоўнікаў. Выплаты абяцалі пасля таго, як новы калега прапрацуе тры месяцы. Падобныя бонусы, піша “Зеркало”, прапануюць таксама некаторыя гандлёвыя сеткі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота з адкрытых крыніц