BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У абутковай кампаніі “Белвест” мільённыя даўгі

Вытворца абутку “Белвест” знаходзіцца ў складанай эканамічнай сітуацыі. Як высветліла “Люстэрка”, за прадпрыемствам ёсць даўгі — больш чым на 32 мільёны рублёў. У гэтай сітуацыі ўлады ўвялі для “Белвеста” і яго беларускай мацярынскай кампаніі забарону на ліквідацыйныя дзеянні.

19 чэрвеня кіраўніцтва прадпрыемства сустрэлася з працоўным калектывам. Генеральны дырэктар растлумачыў прычыны пераносу адпачынку, магчымасці і тэрміны выплаты заработнай платы і адпускных, — паведаміў прафсаюз прадпрыемства.

“Белвест” — беларуска-расейскае прадпрыемства, у 2019 годзе 55% акцый завода належала беларускаму боку. Па стане на мінулы год на прадпрыемстве працавала 2150 чалавек.

Урад Беларусі перадаў Нігерыі “тысячы адзінак” тэхнікі

“Тысячы адзінак беларускай тэхнікі” перададзеныя Нігерыі дэлегацыяй урада Беларусі падчас урачыстай цырымоніі ў Абуджы. Як паведамляе прэс-служба ўрада, у падзеі прыняў удзел прэзідэнт Нігерыі Бола Цінубу. Беларускую дэлегацыю падчас візіту ў гэтую афрыканскую краіну ўзначальвае намеснік прэм’ер-міністра Віктар Каранкевіч. Якая менавіта тэхніка перададзеная Нігерыі, не ўдакладняецца. На апублікаваным у тэлеграм-канале беларускага ўрада відэа паказаныя трактары, піша “Позірк”.

З 2018 да 2021 год двухбаковы тавараабарот паміж Беларуссю і Нігерыяй, паводле даных беларускай боку, стабільна падаў. Калі ў 2018 годзе ўзаемны гандаль складаў 38,8 млн даляраў, то ў 2021-м — 7,8 млн. Дадзеныя за наступныя гады ў адкрытым доступе адсутнічаюць.

Улады прапануюць прадаўцам на рынках абгрунтоўваць свае цэны

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) Беларусі прапануе ўвесці новыя правілы для прадаўцоў на рынках. Згодна з праектам пастановы, гандляры павінны будуць дакументальна абгрунтоўваць свае рознічныя цэны на тавары, якія падпадаюць пад дзяржаўнае рэгуляванне.

Праект прадугледжвае, што адміністрацыі рынкаў атрымаюць большыя паўнамоцтвы. Напрыклад, яны змогуць скасоўваць дамовы з тымі прадаўцамі, якія два і больш разоў за год парушылі правілы гандлю — напрыклад, завысілі цэны або не выканалі санітарныя нормы. Таксама прапануецца, каб кожны дзень адміністрацыі правяралі на месцах наяўнасць дакументаў, якія пацвярджаюць законнасць цэн, і размяшчалі інфармацыйныя шыльды з актуальнымі рэгуляванымі цэнамі. Беларусы могуць пакінуць свае водгукі і прапановы па праекце на прававым форуме да 4 ліпеня.

Апублікаваны рэйтынг самых дарагіх краін для жыцця

Аналітычны сэрвіс Numbeo прадставіў абноўлены рэйтынг кошту пражывання ў краінах і асобных тэрыторыях у 2025 годзе. У рэйтынгу 139 краін і тэрыторый. Амерыканскія Віргінскія астравы ў ім на першым месцы, потым ідуць Швейцарыя і Ісландыя. Беларусь — на 123-м месцы.

Што тычыцца рэйтынгу самых дарагіх гарадоў для жыцця, то швейцарскія гарады занялі першыя шэсць радкоў у рэйтынгу. Гэта Цюрых, Жэнева, Базэль, Лазана, Лугана і Берн. У топ-10 таксама ўвайшлі Нью-Ёрк (ЗША), Рэйк’явік (Ісландыя), Ганалулу (Гаваі, ЗША) і Сан-Францыска (ЗША).

Менск размясціўся на 367-м радку абноўленага рэйтынгу.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях.