У Баранавічах плануюць запусціць вытворчасць беларуска-кітайскіх халадзільнікаў. Пра гэта ў эфіры тэлеканала АНТ расказаў кіраўнік Берасцейскай вобласці Пётр Пархомчык.
Чыноўнік удакладніў, што яшчэ знаходзячыся на пасадзе віцэ-прэм’ера, шчыльна займаўся Баранавіцкім заводам аўтаматычных ліній, які быў неэфектыўным.
– Мы правялі вельмі паспяхова перамовы з нашымі кітайскімі партнёрамі, плануем у наступным годзе пачаць вытворчасць з 5 тысяч, а да канца года выйсці на 10 тысяч халадзільнікаў, – падзяліўся планамі чыноўнік.
Пархомчык таксама ўдакладніў, што праектную магутнасць плануюць давесці ад 1 млн халадзільнікаў, піша Office Life.
Знешні гандаль таварамі і паслугамі зноў стаў дэфіцытным
Знешні гандаль таварамі і паслугамі зноў стаў дэфіцытным па выніках сямі месяцаў. На гэта ўказваюць даныя Нацыянальнага банка. Экспарт тавараў і паслуг у студзені-ліпені вырас на 4,5% да 28,08 млрд. долараў, а імпарт — на 4,7% да 28,17 млрд. долараў. Месяц таму Нацбанк паведамляў, што знешні гандаль таварамі і паслугамі стаў прафіцытным па выніках першага паўгоддзя ўпершыню за некалькі месяцаў.
Працаўладкаванне іншаземцаў у Польшчы павялічваецца
Паводле Галоўнага статыстычнага упраўлення, працадаўцы ўсё больш прымаюць на працу замежнікаў з далёкіх краін, такіх як Індыя, Непал, Філіпіны ці Калумбія. Аднак першыя тры месцы належаць украінцам, беларусам і грузінам, паведамляе Dziennik Gazeta Prawna. На 31 снежня 2023 года беларусы склалі 11,5% усіх замежных працаўнікоў у Польшчы.
У сакавіку 2024 года ў Польшчы працавалі больш за 1 мільён 100 тысяч замежнікаў, якія прадстаўляюць 150 краін. Іх доля ў агульнай колькасці занятых у Польшчы склала 6,6% – паведамілі ў Галоўным статыстычным упраўленні. Варта падкрэсліць, што ў гэтую статыстыку не ўваходзяць людзі, якія працуюць па дагаворах падраду, бо атрымаць падрабязныя звесткі аб гэтай форме занятасці немагчыма. Такім чынам, можна меркаваць, што ў Польшчы працуе большая колькасць замежнікаў чым 1 млн 100 тысяч.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота ілюстрацыйнае з адкрытых крыніц.