На беларускі рынак можа зайсці кітайскі сэрвіс заказу таксі DiDi. Пра гэта парталу abw.by расказала кіраўніца Асацыяцыі прафесійных перавозчыкаў пасажыраў Кацярына Станкевіч.

З 1 лістапада ў Беларусі запрацуе рэестр аўтамабільных перавозак. Працаваць у сферы нерэгулярных пасажырскіх перавозак змогуць толькі тыя, хто ёсць у рэестры. Пры гэтым падаць дакументы на ўключэнне можна будзе і пасля 1 лістапада. Па словах Кацярыны Станкевіч, магчыма, што ў пачатку лістапада ў краіне з’явіцца замежная юрыдычная кампанія, якая будзе працаваць сумесна з беларусамі. «І калі ўсё будзе добра, то ўжо ў наступным годзе ў нас з’явіцца годная альтэрнатыва «Яндэксу», – сказала Станкевіч.
Беларусь развівае авіязносіны з Іарданіяй і Зімбабвэ
Беларусь падпісала дакументы ў сферы грамадзянскай авіяцыі з Іарданіяй і Зімбабвэ. Гэта было зроблена ў рамках міжнароднай канферэнцыі ICAN 2024, якая праходзіць у Малайзіі.
23 кастрычніка паведамлялася, што на гэтым форуме таксама падпісаныя пагадненні ў сферы авіяцыйных зносін Менска з Эр-Рыядам (Саудаўская Аравія), з Эль-Кувейтам і Рабатам (Марока). Акрамя таго, беларускі бок абмеркаваў з авіяцыйнымі ўладамі ААЭ перспектывы двухбаковага супрацоўніцтва.
У Беларусі авіяперавозкамі займаецца кампанія “Белавія”, якая ажыццяўляе палёты ў дзевяць краін, і мае забароны на палёты ў краіны Еўразвязу і ЗША.
«Ролтан» і BigBon знікнуць з паліц беларускіх крам
Міністэрства аховы здароўя ўвяло забарону на ўвоз, захоўванне і продаж у Беларусі прадукцыі расійскай кампаніі «Марэвен Фуд Сэнтрал». Менавіта гэтая кампанія займаецца вытворчасцю бульбянога пюрэ і локшыны хуткага прыгатавання такіх папулярных у Беларусі брэндаў як «Ролтан» і «БігБон».
Інфармацыяй пра забарону 24 кастрычніка падзяліўся фудблогер Павел Крамар. Ён апублікаваў скрыншот інфармацыйнага ліста. Па словах Крамара, «Ролтан» «знік з паліц», бо не прайшоў праверку беларускіх кантралюючых органаў. Афіцыйнай інфармацыі на гэты конт няма. Якія менавіта парушэнні знайшлі кантралёры, не ўдакладняецца. Невядома таксама, ці часовая гэта забарона.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Коммерсантъ





