Для многіх беларусаў 9 ліпеня прынёс непрыемны сюрпрыз. У кліентаў «Беларусбанка» спісваліся сродкі з рахункаў.

Пазней стала вядома, што праблема закранула некалькі буйных банкаў, у тым ліку «Белаграпрамбанк» і «Белінвестбанк». «Грошы нікуды не зніклі, ніхто іх не скраў», – паведамілі ў Банкаўскім працэсінгавым цэнтры. Там дадалі, што адбыўся тэхнічны збой у апартна-праграмным комплексе, таму некаторыя кліенты могуць мець нават адмоўныя балансы на картачках, вядуцца работы па ліквідацыі праблемы, бліжэйшым часам балансы павінны быць урэгуляваныя.
У цэнтры таксама запэўнівалі, што ведаюць прычыны збою, таму ўсе кліенты павінны быць упэўнены, што іх балансы на картачках вернуцца да стану перад тэхнічным збоем.
Самы буйны ў Беларусі лагістычны цэнтр Wildberries пабудуюць у Фаніпалі
Wildberries пабудуе ў Беларусі яшчэ адзін лагістычны цэнтр. Ён размесціцца ў Фаніпалі, а яго плошча складзе 205 тысяч квадратных метраў, пішуць “Мінск-Навіны”. Аб тэрмінах будаўніцтва пакуль не паведамляецца, але відавочна, што гэты комплекс стане самым буйным для кампаніі ў краіне.
Цяпер у Беларуска-Кітайскім індустрыяльным парку “Вялікі камень” кампанія Wildberries ужо будуе вялікі лагістычны цэнтр. Яго плошча складзе 140 тысяч квадратных метраў, і ў гэты праект маркетплейс мае намер укласці больш за $120 млн. На сёння ў Беларусі адкрыта ўжо каля 3,5 тысяч пунктаў выдачы заказаў Wildberries. Гэта самы буйны расейскі інтэрнэт-рытэйлер.
Падсанкцыйны БМЗ прыпыніў выпуск некаторых відаў прадукцыі
Беларускі металургічны завод (БМЗ), які знаходзіцца пад міжнароднымі санкцыямі, прыпыніў “выпуск некаторых відаў прадукцыі, каб не працаваць сабе ў страту”. Пра гэта намеснік генеральнага дырэктара па тэхналогіі і якасці Сяргей Цярлецкі паведаміў на сустрэчы з работнікамі, заўважыла выданне “Позірк”. Цярлецкі расказаў, што да канца першага паўгоддзя на заводзе выплавілі крыху менш за 1 мільён тон сталі. “Так, было і больш, але ў цяперашніх рэаліях — гэта нядрэнны паказчык”, — канстатаваў ён.
Менеджар падкрэсліў, што адной з галоўных задач прадпрыемства цяпер з’яўляецца зніжэнне выдаткаў. Вялікая ўвага на БМЗ надаецца і асваенню новых інавацыйных відаў прадукцыі. Прадпрыемства знаходзіцца пад санкцыямі Еўрасаюза, ЗША, Украіны ды іншых дзяржаў.
Ідзе падрыхтоўка да мадэрнізацыі варшаўскага аэрапорта
Амаль мільярд злотых выдзяляецца на пашырэнне аэрапорта імя Шапэна ў Варшаве. Мадэрнізацыя варшаўскага аэрапорта пачнецца ў канцы наступнага года. Сёлета будзе абвешчаны тэндар на выбар кампаніі, якая мадэрнізуе тэрмінал аэрапорта імя Шапэна. Работы будуць працягвацца да 2029 года. На пашырэнне прызначаецца 940 мільёнаў злотых. Пасля мадэрнізацыі аэрапорт павінен абслугоўваць на 6 мільёнаў пасажыраў у год больш, чым цяпер.
Пасля ж адкрыцця Цэнтральнага камунікацыйнага порта ў Баранаве плануецца, што ўвесь грамадзянскі рух будзе пераведзены ў новы аэрапорт. Гэта павінна адбыцца ў 2032 годзе.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота ілюстрацыйнае: officelife.media.






