BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Беларусі абвастраюцца праблемы з пастаўкамі станкоў

“Тоненькі ручаёк” паставак заходніх станкоў у Беларусь па альтэрнатыўных каналах “практычна цалкам перасох”. Пра гэта ў інтэрв’ю газеце “Рэспубліка” расказаў намеснік дырэктара, галоўны інжынер Менскага завода шасцерняў Андрэй Леўшукоў. Паводле яго, яшчэ летась было шмат прапаноў, і станкі з Захаду прывозілі. Сёлета ж сітуацыя змянілася — санкцыі працуюць:

Наша прамысловасць прывыкла да еўрапейскага абсталявання і да супрацоўніцтва з еўрапейскімі кампаніямі. Санкцыі перакрэслілі ўсе былыя прынцыпы тэхналагічнага ўзаемадзеяння па заходнім вектары.

Паралельны імпарт лічыўся толькі часовай мерай, паколькі пры неафіцыйных пастаўках “абслугоўванне, кансалтынг, інжынірынг ўсё роўна застаюцца недаступнымі ў сваім якасным выкананні”. Пры гэтым яшчэ ў 2022-м прадпрыемства пачало шукаць партнёраў сярод краін Азіі, наведалі каля двух дзясяткаў заводаў, якія выпускаюць станкі. Аднак вынікаў гэтага няма.

Куды знікае буйная рагатая жывёла?

За год пагалоўе буйной рагатай жывёлы скарацілася больш чым на 70 тысяч галоў, пра гэта сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта. Па стане на першага траўня ў Беларусі налічвалася 4 мільёны 92 тысячы галоў кароў, быкоў, цялят ды іншых, а на сёння мінус 72 тысячы. Зніжэнне склала 1,7 працэнта. Калі ж параўнаць з 2019 годам, то зніжэнне склала чатыры працэнты.

На семінары-нарадзе аб развіцці жывёлагадоўлі летась у верасні ў Салігорску Лукашэнка заявіў, што падзеж жывёлы вырас у 53 раёнах, у 14 перавысіў узровень у 1,5 разу. У асобных сельгасарганізацыях жывёлу ўтрымліваюць у антысанітарных умовах, не выконваюцца рацыён кармлення і тэмпературны рэжым. У 2022 годзе, паводле інфармацыі МУС, было распачата 480 крымінальных спраў, звязаных з утойваннем падзяжу, на 1 снежня 2023-га — 205, што склала траціну агульнай колькасці эканамічных злачынстваў у аграрнай сферы.

З 1 ліпеня стануць таннейшымі паслугі беларускіх стаматолагаў

Міністэрства аховы здароўя Беларусі змяніла з першага ліпеня нормы часу і расходу матэрыялаў на платныя медыцынскія паслугі па стаматалогіі. Гэта прадугледжана адпаведнай пастановай, паведамляецца на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.

Дакумент тычыцца тарыфаў на платныя стаматалагічныя паслугі, якія аказваюць юрыдычныя асобы незалежна ад іх формы ўласнасці і падпарадкаванасці, а таксама індывідуальныя прадпрымальнікі. У Міністэрстве аховы здароўя адзначылі, што гэтая пастанова будзе садзейнічаць зніжэнню кошту платных стаматалагічных паслуг.

ВУП Беларусі ў студзені-красавіку вырас істотна вырас?

Праведзена першая ацэнка валавога ўнутранага прадукту Беларусі за студзень-красавік бягучага года. Аб’ём ВУП у бягучых цэнах склаў 73 мільярды беларускіх рублёў, або ў супастаўных цэнах 105,1 працэнта да ўзроўню студзеня — красавіка мінулага года, паведамляе Белстат. То бок рост за чатыры месяцы года перавысіў пяць працэнтаў.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: metobr-expo