З першага кастрычніка ў сярэднім на 5% падвысілі працоўныя пенсіі па ўзросце, за выслугу гадоў, па інваліднасці, у выпадку страты карміцеля. Пра гэта паведамілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны насельніцтва. Пры гэтым мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пенсіі пакуль не змяніліся. Іх пераглядаюць раз у квартал, а наступны тэрмін прыпадае на лістапад.
У Мінпрацы ацанілі, што сярэдні памер пенсіі па ўзросце ў кастрычніку складзе 852 рублі. Хоць, у кожнага пенсіянера гэты памер адрозніваецца ў залежнасці ад стажу працы, велічыні заробку падчас працы, а таксама памер пенсіі залежыць ад надбавак.
Тавараабарот Беларусі і Расеі вырас на 8,5%
Рост узаемнага гандлю паміж Беларуссю і РФ у бягучым годзе адзначыў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка на сустрэчы з расейскім калегам Міхаілам Мішусціным 1 кастрычніка на палях Еўразійскага эканамічнага форуму ў Ерэване. Відэафрагмент сустрэчы апублікавала ў афіцыйным тэлеграм-канале прэс-служба беларускага ўрада.
Паводле слоў Галоўчанкі, тавараабарот паміж краінамі вырас на 8,5%. На гэтай жа сустрэчы Мішусцін заявіў, што тавараабарот Беларусі і Расеі склаў у студзені — ліпені каля 25 млрд даляраў у эквіваленце.
У Менску аднавілі рэгістрацыю ІП — яе не праводзілі тры гады
У Менску з 1 кастрычніка зноў пачалі рэгістраваць новых індывідуальных прадпрымальнікаў. Рэгістрацыя новых ІП у сталіцы была прыпыненая ў жніўні 2021 года. Тады сталічныя ўлады гэта патлумачылі “тэхнічнымі прычынамі”. У астатніх рэгіёнах Беларусі рэгістрацыя новых ІП працягвалася.
Таксама з 1 кастрычніка ў Беларусі спынілі рэгістрацыю ІП па некаторых відах дзейнасці. Новы спіс дзейнасці, якой могуць займацца іпэшнікі, быў зацверджаны Саўмінам 1 ліпеня. Тыя, якія не ўвайшлі ў гэты спіс, павінны да канца наступнага года аформіць юрыдычную асобу ці ўвогуле зачыніцца. Дырэктар Менскага сталічнага саюза прадпрымальнікаў і працадаўцаў Віктар Маргелаў у красавіку выказваў асцярогу, што “дзясяткі тысяч фізічных асоб у выпадку, калі ім будзе забаронена займацца пэўнымі відамі дзейнасці, могуць страціць працу”.
“Рэкламныя войны” ды іх вынікі ў Польшчы
Рэклама, як вядома, моцны рухавік у гандлі, а паколькі рынак насычаны, то ідуць зацятыя “рэкламныя войны”. Як піша партал Onet.pl, у гэтых войнах ёсць пераможцы і аўтсайдары. Так Lidl выйграў у вайне рэклам з Biedronkа, абароты і даходы Lidl растуць нашмат лепш. Так, абароты гэтай нямецкай сеткі выраслі аж на 51 працэнт да 34 мільярдаў злотых.
У сваю чаргу Castorama скарысталася папсаванай рэпутацыяй Leroy Merlin у сувязі з тым, што гэтая французская сетка доўгі час заставалася ў Расеі пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Толькі нядаўна французы прадалі сваю сетку ў Расеі інвестару з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, але рэбрэндынг Leroy Merlin у Расеі завершыцца толькі ў 2025 годзе. Падобныя, як у Leroy Merlin, мае праблемы і Auchan, хоць і прапануе часта вельмі выгадныя цэны.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: volyninfa.com.ua