15.205 вакансій адкрыта для замежных грамадзян на партале Дзяржаўнай службы занятасці Беларусі. Замежнікам прапануецца праца ў розных сферах: у будаўніцтве, сельскай гаспадарцы, медыцыне, ёсць менеджарскія пазіцыі, вакансіі спартсменаў у футбольных і хакейных клубах, і іншыя.

У зацверджанай урадам дзяржаўнай праграме “Збалансаваны рынак працы” прадугледжана прыцягненне ў Беларусь да 2030 года не менш за 50 тыс. замежных работнікаў.
У дакуменце прыводзяцца даныя, згодна якім за апошнія 4,5 года ў Беларусь на працу прыбыло каля 93 тыс. замежнікаў.
Нягледзячы на недахоп працоўных рук у Беларусі, Аляксандр Лукашэнка неаднаразова адкрыта выказваўся супраць вяртання ў краіну суайчыннікаў, якія не падтрымліваюць яго рэжым. Так, у красавіку ён выказаў гатоўнасць прыняць на працу 100–150 тыс. пакістанскіх работнікаў. Лукашэнка раскрыў палітычны матыў замяшчэння замежнікамі айчынных кадраў: “У 2020 годзе тут каля Палаца незалежнасці не пакістанцы бегалі”.






