BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Беларусі другі месяц зніжаюцца золатавалютныя рэзервы

Паводле звестак Нацбанка, на 1 ліпеня яны склалі амаль 8 мільярдаў 360 мільёнаў даляраў. 

Скарачэнне за чэрвень склала 52,9 мільёна даляраў. У траўні ЗВР паменшалі на 30 мільёнаў. Адзначаецца, што прычынамі ў чэрвені былі зніжэнне цаны золата і скарачэнне рэзерваў у валюце.

Беларускі аўтарынак працягвае дэманстраваць рост

Як паведамілі ў БАА, за першае паўгоддзе дылеры, якія ўваходзяць у асацыяцыю, прадалі 18904 новых легкавых аўтамабіля. Гэта на 135%, або на 10858 машын больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.

У чэрвені было прададзена 4044 новыя аўтамабілі, што амаль на 16% больш, чым у траўні.
“У бягучым годзе на рынку легкавых аўтамабіляў у Беларусі назіраецца тэндэнцыя росту папулярнасці электрамабіляў і гібрыдаў, што адлюстроўваецца ў дынаміцы росту долі продажаў, якая па выніках першага паўгоддзя склала 5 працэнтаў ад усіх рэалізаваных легкавых аўтамабіляў”, – пракаментаваў вынікі паўгоддзя. гендырэктар «БелДжы» Генадзь Свідзерскі.

Беларускія прадпрымальнікі, якія маюць транспартны бізнэс у Польшчы, тэрмінова шукаюць пакупнікоў на долі ў сваіх кампаніях

Пра гэта MOST паведамілі дзве крыніцы ў галіне. Такім чынам перавозчыкі спрабуюць захаваць бізнэс пасля 2 жніўня, калі запрацуюць новыя санкцыі ЕЗ у дачыненні да Беларусі і Расеі. З 2 жніўня кампаніі, створаныя на тэрыторыі ЕЗ пасля 8 красавіка 2022 года, не змогуць ажыццяўляць перавозкі па тэрыторыі Еўразвязу, калі 25% і больш акцый  у іх належыць беларускай або расейскай фізічнай асобе, юрыдычнай асобе або органу. Гэтая мера не распаўсюджваецца на тых, хто мае другое грамадзянства адной з краін ЕЗ або ВНЖ у ЕЗ.

Нацыянальны банк з 5 ліпеня выпускае ў абарачэнне памятныя манеты “Беларускі рубель. 30 гадоў”

Манеты маюць нязвыклую прамакутавую форму і нагадваюць першыя разліковыя білеты Нацыянальнага банка. Яны з’явіліся ў 1992 годзе, а ў 1994 годзе былі абвешчаныя адзіным законным плацежным сродкам у Беларусі. Памятныя манеты выпушчаныя ў двух варыянтах: з золата тыражом 10 000 штук і са срэбра тыражом 20 000 штук. Кошты на іх будуць абвешчаныя пазней.

На першых беларускіх рублях, нагадаем, былі выявы жывёлаў. На купюры ў рубель, у прыватнасці, быў заяц. Зубра тады ацанілі ў 100 рублёў. Але з тых часоў у краіне прайшло некалькі дэнамінацый. Імаверна, таму на памятнай манеце Нацбанка ён з’явіўся на банкноце значна меншай вартасці.

Найлепшыя курсы валют у абменніках

Па выніках таргоў  на Беларускай валютна-фондавай біржы курс даляра павялічыўся і паказаў паўтаратыднёвы максімум. Курс еўра падняўся на максімальнуювышыню больш як за паўтара месяца, а расейскі рубель упаў да мінімуму амаль за 2,5 тыдня.

Даляр ЗША каштуе: 3,2155
Еўра: 3,4855

Польскі злоты 8,0696 за 10 адзінак
Расейскі рубель: 3,6398  за 100 адзінак
Кітайскі юань: 4,4029

Беларускае Радыё Рацыя