BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Беларусі крытычна не хапае кіроўцаў і лагістаў

Дэфіцыт кадраў у беларускай транспартна-лагістычнай галіне перавысіў 15 працэнтаў. Асабліва не хапае кіроўцаў-міжнароднікаў, дыспетчараў, спецыялістаў па мультымадальных перавозках і экспертаў па мытным афармленні, піша выданне «Беларусы і рынак».

Фота ілюстрацыйнае: pracafoton.pl.

У пераліку прычын дэфіцыту першае месца займае адток спецыялістаў за мяжу. Вадзіцелі шукаюць больш высокія заробкі ў Польшчы і Літве, а менеджары – працу ў IT і міжнародных кампаніях. Другой прычынай з“яўляецца недастатковая падрыхтоўка кадраў: выпускнікі ВНУ і каледжаў не заўсёды гатовы адразу ўключыцца ў працу, кампаніі марнуюць шмат часу і рэсурсаў на іх навучанне. Яшчэ адна прычына – узроставы дысбаланс, калі многія вопытныя спецыялісты выходзяць на пенсію, а прыток маладых кадраў недастатковы. Нарэшце, чацвёртая прычына – гэта складаныя ўмовы працы.

ВУП Беларусі: прагноз ранейшы

Валавы ўнутраны прадукт Беларусі сёлета вырасце на 2,6%, адпаведны прагноз утрымліваецца ў штотыднёвым макрааглядзе Еўразійскага банка развіцця. Паводле аналітыкаў банка, у Беларусі працягваецца рост дзелавой актыўнасці. З пачатку года ВУП павялічыўся на 3,1% год да года. Асноўнымі драйверамі росту застаюцца сектары, арыентаваныя на ўнутранае спажыванне і будаўніцтва.

Пры гэтым Еўразійскі банк развіцця захаваў той самы прагноз па росце ВУП у Беларусі, які утрымліваўся ў аглядзе, апублікаваным летась у снежні. У тым дакуменце эксперты выказалі меркаванне, што рост эканомікі краіны ў найбліжэйшыя гады замарудзіцца: калі ў мінулым годзе прагназавалася 4,3%, то сёлета – 2,6%, а ў наступным годзе – 1,9%, піша «Позірк».

Беларусь і Куба абмяркоўваюць далейшае супрацоўніцтва

Чарговае пасяджэнне беларуска-кубінскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве адбудзецца ў траўні ў Гаване, вынікае з паведамлення Міністэрства замежных спраў Беларусі. Як прыгадвае «Позірк», у сярэдзіне лютага на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале з“явіўся дакумент з пералікам тавараў, якія Беларусь і Куба хацелі б пастаўляць адна адной ў рамках “сустрэчнага гандлю”. Згодна з дакументам, для кожнага боку “пры ўзаемных пастаўках тавараў і паслуг вызначаецца ліміт у 15 млн даляраў на пяцігадовы перыяд”.

Куба прапануе Беларусі лекі, абсталяванне і вакцыны; драўняны вугаль; каву; какаву; ром і вытворныя; кансервы; сокі і нектары; свежую садавіну; морапрадукты ды іншыя тавары. У сваю чаргу Беларусь прапануе Кубе лекавыя сродкі; малако; угнаенні; сельскагаспадарчую, будаўнічую, аўтамабільную, грузавую тэхніку, а таксама запчасткі і камплектуючыя для тэхнікі БелАЗ і МАЗ ды іншыя тавары.

Заробкі ў Польшчы працягваюць расці

У лютым рост заробкаў у Польшчы склаў 7,9% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. У месячным вымярэнні заробкі ў параўнанні са студзенем выраслі на 1,8% і дасягнулі сярэдняга паказчыка ў 8613 злотых брута (да адлічэння падаткаў). Пры гэтым тэмпы росту заробкаў запаволіліся, што тлумачыцца стабілізацыяй рынку працы.

Беларускае Радыё Рацыя