Міністр па падатках і зборах Дзмітрый Кійко расказаў журналістам аб планаванай ў “парламенце” дыскусіі на тэму падвышэння стаўкі падаходнага падатку. Але гэта закране далёка не ўсіх грамадзян.

Павышэнне стаўкі падаходнага падатку – гэта прапанова па павышэнні справядлівасці падаткаабкладання. Завецца прагрэсіўнае падаткаабкладанне. Чым больш у цябе ўзровень даходу, тым больш табе прапануецца заплаціць стаўку. Гэта наогул стандартная сітуацыя ў еўрапейскіх краінах для такіх падатковых сістэм. У нас ужо часткова рэалізаваная гэтая сістэма, – паведаміў чыноўнік.
Прыгадаем, што з мінулага года ў Беларусі ўжо ўвялі “падатак на раскошу” для аўтамабілістаў. Для ўладальнікаў прэміяльных машын памер падатку быў павышаны ў 10 разоў.
У Беларусі пройдзе яшчэ адзін суботнік
У Беларусі 25 кастрычніка пройдзе яшчэ адзін рэспубліканскі суботнік. Пастанову падпісаў прэм’ер-міністр Аляксандр Турчын.
Паведамляецца, што грошы ад суботніка падзеляць на дзве роўныя часткі. Першая з іх пойдзе на будаўніцтва Нацыянальнага гістарычнага музея Беларусі і стварэнне яго сталай экспазіцыі. Другая ж застанецца ў распараджэнні аблвыканкамаў, Менскага гарвыканкама. Пры гэтым улада будзе мець магчымасць накіраваць грошы на канкрэтныя аб’екты.
Першы суботнік сёлета прайшоў 12 красавіка. Паводле яго вынікаў налічылі 18,5 мільёнаў рублёў.
Польшча будзе мець дзве фабрыкі штучнага інтэлекту
У Польшчы ўзнікаюць дзве фабрыкі штучнага інтэлекту — у Познані і ў Кракаве. Першая атрымала даплату Еўразвязу ў памеры 200 мільёнаў злотых (каля 50 мільёнаў еўра), другая – кракаўская – фабрыка ШІ атрымае ад ЕЗ 300 мільёнаў злотых (70 мільёнаў еўра). Грошы будуць выкарыстаны для стварэння сучаснай вылічальнай інфраструктуры і на развіццё штучнага інтэлекту.
Польшча стане адной з трох краін Еўропы, у якіх будуць дзве фабрыкі штучнага інтэлекту. Міністр лічбавых спраў Кшыштаф Гаўкоўскі заявіў, што ад гэтага выйграе кожны жыхар краіны.
— Фабрыка штучнага інтэлекту азначае больш хуткую дыягностыку і аналіз анкалагічных захворванняў… Штучны інтэлект таксама дапамагае кіраваць у крызісных сітуацыях.
Міністр заявіў, што штучны інтэлект хутка будзе выкарыстоўвацца ў сельскай гаспадарцы і энергетычным сектары. (Беларуская служба Польскага радыё)
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота ілюстрацыйнае: freepik.com.






