Прапанова паходзіць ад неназванага інвестара, распавёў Аляксандр Лукашэнка падчас пасяджэння з урадам. Прапануецца аб’яднаць пад кіраваннем новай структуры ўсе наяўныя інтэлектуальныя транспартныя сістэмы: платныя дарогі, парковачную сістэму, вагагабарытны кантроль, сістэму фотафіксацыі парушэнняў. Пакуль прапанова знаходзіцца ў працэсе вывучэння. І адно з галоўных пытанняў, як будуць выглядаць паступленні ў дзяржаўны бюджэт і якія бонусы дасць краіне прапанаваная кансалідацыя сістэм.

У сваю чаргу віцэ-прэм’ер Анатоль Сівак зазначыў, што прапанова мае ўжо каля года і яе вывучэнне ідзе не проста, на гэтым этапе яшчэ не ўсе разлікі завершаныя. (паводле “Беларусы і рынак”)
Планы польскага ўрада ў галіне пенсійнай палітыкі
– Гэты ўрад не будзе павышаць пенсійны ўзрост. Аднак могуць з’явіцца стымулы, каб працаваць даўжэй, чым прадугледжана законам, – кажа Катажына Пелчыньска-Налэнч, міністр фінансаў і рэгіянальнай палітыкі.
Міністр сцвярджае, што цяперашні ўрад не зменіць устаноўленага законам пенсійнага ўзросту. Яна прызнае, што існуе рызыка вельмі сур’ёзнага дэмаграфічнага крызісу, але гэта не азначае, што яго нельга пазбегнуць.
– Час падумаць, як задзейнічаць розныя механізмы, каб больш працяглы тэрмін працоўнага стажу быў плюсам да атрыманай пенсіі, – дадала міністр.
На гэты момант у Польшчы жанчыны могуць выходзіць на пенсію ў 60 гадоў, а мужчыны – у 65 гадоў.
Кошт залатых зліткаў паставіў гістарычны рэкорд
Упершыню ў гісторыі кошт злітка золата перавысіў 1 мільён даляраў. Як падлічыў Bloomberg, гэта адбылося пасля таго, як спотавая цана каштоўнага металу ў канцы мінулага тыдня паднялася вышэй за 2,5 тысячы даляраў за тройскую ўнцыю.
Залатыя зліткі звычайна важаць каля 400 тройскіх унцый, або 12,5 кілаграм. У выніку кожны з іх цяпер каштуе даражэй за мільён даляраў. Хоць для прыватных інвестараў у продаж паступаюць зліткі вагой ад аднаго кілаграма.
Агулам з пачатку года золата падаражэла больш як на 20%. Дынаміку тлумачаць у тым ліку попытам з боку цэнтрабанкаў. На думку аналітыкаў, бліжэйшым часам кошт золата працягне расці і да канца года можа дасягнуць 2 600 даляраў за ўнцыю. (Office Life)
Беларускае Радыё Рацыя