У Нацыянальным статыстычным камітэце Беларусі апублікавалі звесткі аб колькасці занятага насельніцтва ва ўзросце ад 15 да 74 гадоў і ўзроўні беспрацоўя. Афіцыйна ў другім квартале ровень занятасці склаў 68%, а ровень беспрацоўя — 2,6% ад колькасці працоўнай сілы.

У ведамстве сцвярджаюць, што разлікі рабілі паводле метадалогіі Міжнароднай арганізацыі працы. У той жа час абсалютныя лічбы занятага і беспрацоўнага насельніцтва Белстат не публікуе. Раней незалежныя эксперты заявілі аб маніпуляцыях афіцыйнымі звесткамі для рэйтынгу Беларусі ва ўстойлівым развіцці. А за 30 гадоў кіравання Аляксандра Лукашэнкі толькі паводле афіцыйных звестак насельніцтва краіны скарацілася больш як на 1 млн чалавек.
З Oz.by неспакойна. Беларуская кампанія тры гады ў мінусе
Беларускі — некалі толькі кніжны — маркетплэйс Oz.by не вытрымлівае канкурэнцыі з боку расейскага капіталу. Кампанія масава закрывае крамы і атрымлівае позвы ад контрагентаў.
Oz.by – гэта кампанія была створана беларусамі ў 1999-м і дагэтуль ім належыць, дзейнічаючы ў складаных умовах і на сціплым рынку. Кампанію заснаваў тагачасны студэнт факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі Андрэй Грыневіч, які падпрацоўваў у выдавецтве і напісаў для таго просты сайт, праз які можна было прадаваць кніжкі. У 2018 новым уласнікам кампаніі стаў выгадаваны ўнутры яе Дзяніс Ткачоў, які адпрацаваў унутры амаль усю ўсвядомленую кар’еру і вырас да топ-менеджара.
Але апошні часам справы ідуць не вельмі. Калі 2021 год яшчэ быў закрыты з невялікім чыстым прыбыткам, то з 2022-га ў гадавым балансе пачала расці сума непакрытых страт. Ужо тры гады запар кампанія стратная і праядае крэдытныя рэсурсы.
Пакістанскім працоўным дэсантам занялася беларуская міліцыя
Праект пакістанскага працоўнага дэсанту для беларускай эканомікі зноў выйшаў у публічную прастору. Ім, як піша тэлеграм-канал “Міліцыя Беларусі. Мы – на варце», зацікавілася беларуская міліцыя. У прыватнасці, падчас нядаўняга візіту ў Ісламабад магчымае прыцягненне працоўнай сілы з Пакістана са сваімі мясцовымі калегамі абмеркаваў начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Беларусі Аляксей Бягун.
«Бакі правялі экспертныя кансультацыі па ўзаемадзеянні ў сферы працы і працаўладкавання. У гэтым кантэксце прадметна абмеркавалі прававыя механізмы супрацоўніцтва па перспектывах працэсу знаходжання кваліфікаваных пакістанскіх работнікаў у нашай рэспубліцы, падрыхтоўку праекта адпаведнага мемарандума», – піша ТГ-канал. У ходзе красавіцкага візіту ў Беларусь прэм’ер-міністра Пакістана Шахбаза Шарыфа, Аляксандр Лукашэнка аб’явіў, што Беларусь гатова прыняць на работу 100-150 тыс. пакістанскіх спецыялістаў.
Новае радовішча нафты ў Польшчы. Што далей?
Новаадкрытае радовішча нафты ў Польшчы можа забяспечыць 4-5% патрэб нацыянальнай эканомікі на згаданую сыравіну. Аднак спачатку трэба пацвердзіць памер радовішча, а сама здабыча можа пачацца толькі праз некалькі гадоў. Толькі пасля таго, як кампанія Central European Petroleum прадставіць адпаведную дакументацыю, Міністэрства клімату і навакольнага асяроддзя зможа адказна пракаментаваць пытанне радовішчаў нафты і прыроднага газу, якія былі выяўленыя каля выспы Волін (Заходняя Памеранія), кажа Галоўны геолаг краіны Кшыштаф Галяс.
Прыгадаем, што знойдзенае днямі радовішча з’яўляецца найбуйнейшым радовішчам вуглевадародаў у Польшчы, і адным з найбуйнейшых радовішчаў нафты, знойдзеных у Еўропе за апошнія дзесяць гадоў.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота: moop.1prof.by.






