BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Беларусі падскочылі курсы даляра і еўра

Курс даляра на 12 снежня паводле Нацыянальнага банка вырас адразу 3 капейкі і склаў 2 рублі 93 капейкі. Еўра падаражэў на 5 капеек, яго афіцыйны курс – 3 рублі 43 капейкі.

Як пракаментавала “Белсату” эканаміст даследчага цэнтра BEROC Настасся Лузгіна, гэта кароткачасовыя ваганні, і пра нестабільнасць на валютным рынку казаць не выпадае. “На змяненне траекторыі беларускага рубля традыцыйна аказвае ўплыў дынаміка расейскага рубля. Расейскі таксама апусціўся да даляра” – кажа эксперт. Акрамя таго, на беларускай біржы перад святамі актывізаваліся імпарцёры, стварыўшы павышаны попыт на валюту. Гэта таксама можа прывесці да пэўнага аслаблення рубля.

Дзяржаўным прадпрыемствам часта няма чым хваліцца

Міністэрства прамысловасці Беларусі карае кіраўнікоў шэрагу буйных дзяржаўных прадпрыемстваў за тое, што яны не выканалі планы па экспарце, інвестыцыях і рэнтабельнасці, піша “Зеркало”.

Асабліва сурова пакаралі кіраўніцтва Менскага трактарнага завода. Генеральнаму дырэктару Сяргею Аўраменку прапанавалі аб’явіць вымову за недавыкананне планаў і за тое, што ён недастаткова эфектыўна працаваў над двума інвестыцыйнымі праектамі ў Расеі. У выніку яго і іншых службовых асоб з кіраўніцтва МТЗ пазбавілі ўсіх надбавак і прэмій за кастрычнік. Пакараныя таксама кіраўнікі БЕЛАЗа, МАЗа, “Белкамунмаша” ды іншыя.

З Польшчы везлі не задэклараванае дзіцячае харчаванне

Спробу ўвесці ў Беларусь з Польшчы дзіцячае харчаванне коштам 2 млн рублёў спыніла Берасцейская мытня, паведамляе “Позірк”. Грузавы аўтамабіль DAF, які прыбыў у пункт пропуску Казловічы транспартаваў партыю дзіцячага харчавання на суму каля 294 тысяч рублёў, але тавару было значна больш. Высветлілася, што польскі перавозчык, “спрабуючы ўвезці падобныя знешне, але розныя паводле кошту тавары”, меў намер ашчадзіць на мытных плацяжах больш за 100 тысяч рублёў.

Распачаты адміністрацыйны працэс па факце не дэкларавання тавараў. Парушальніку пагражае штраф, які можа скласці да 30% ад кошту тавару.

Пасля двух гадоў кіравання ўрада Туска

За два гады кіравання кабінета міністраў Дональда Туска эканамічны рост Польшчы паскорыўся, заработная плата павялічылася, інфляцыя знізілася. Адначасова дзяржаўны доўг Польшчы значна павялічыўся, а колькасць беспрацоўных стала большай на 100 тысяч, піша Money.pl.

Да прыкладу, у канцы трэцяга квартала гэтага года рост ВУП дасягнуў 3,8%, а за аналагічны перыяд 2023 года ён складаў толькі 0,5%. Інфляцыя знізілася з 6,6% у лістападзе 2023 года, да 2,4% у лістападзе гэтага года. Адначасова дзяржаўны доўг Польшчы павялічыўся і на канец трэцяга квартала сёлета складае 47,7% ВУП.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота ілюстрацыйнае: freepik.com.