З 1 сакавіка ў Беларусі павысіліся тарыфы на паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Павышэнне павінна было адбыцца 1 студзеня, але Лукашэнка адклаў яго на два месяцы. Як паведамляюць улады, гэты працэс адбудзецца ў два этапы. Акрамя таго, тарыфы на цеплавую энергію павысяцца з 1 чэрвеня.

Беларусы і зараз незадаволеныя вялікімі коштамі на паслугі ЖКГ, асабліва тыя, каго ў краіне называюць дармаедамі. У апошніх жыроўках яны ўбачылі вялікія лічбы – ад 300 беларускіх рублёў і вышэй.
Эксперт альянсу “Зялёная Беларусь” Уладзіслаў Шумак пракаментаваў, ці адпавядаюць такія кошты якасці аказаных паслуг:
– Без разумення якасці любыя тарыфы, нават эканамічна абгрунтаваныя, выглядаюць несправядліва. Ацаніць кошт і якасць паслуг можна. У Беларусі тарыф – гэта не плата за камфорт, а плата, па-першае, за канкрэтны аб’ём вады, гігакалорый цяпла, кілават-гадзіны электрычнасці пры нарматыўнай якасці, якая нават замацаваная ў дзяржаўных стандартах.
І калі якасць ніжэй за норму, то тарыф фармальна не выкананы, нават калі грошы спісаныя.
Як зазначае Уладзіслаў Шумак, не ўсе беларусы звяртаюцца да ўладаў з заявамі пра кампенсацыю ў сувязі з аказаннем не якасных паслуг. Толькі ў выпадку, калі гарыць у доме бытавая тэхніка з-за перападаў напружання. Але рабіць гэта патрэбна.
Нагадаем, улады Беларусі абяцаюць, што плацяжы за ЖКГ у 2026 годзе павінны вырасці ў межах 0,5 базавай велічыні (22,5 беларускіх рублёў) з разліку на сям’ю з трох чалавек, якія жывуць у двухпакаёвай кватэры плошчай каля 50 квадратных метраў пры нарматыўным спажыванні паслуг.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя






