Кіраўнік пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Леанід Заяц, які на працягу некалькіх гадоў узначальваў Мінсельгасхарч Беларусі, расказаў пра тое, як ідзе ўкараненне ў краіне перадавых сельскагаспадарчых тэхналогій.

Сярод іншага, паводле слоў Зайца, Беларусь да 2030 года адыдзе ад малочных ферм, поўнасцю перайшоўшы на стварэнне аснашчаных сучасным абсталяваннем малочнатаварных комплексаў, дзе будуць прымяняцца перадавыя метады работы.
«На кожную жывёліну заводзяць пашпарт, ён захоўваецца ў серверы, у сістэме дадзеных, у кампутары ўносяцца новыя дадзеныя ў гэтую картку за кожны дзень. І мы сёння можам прагназаваць прадукцыйнасць малака на 2025-2026 гады», – заявіў Заяц.
Аналітыкі патлумачылі, што адбываецца з цэнамі ў Беларусі
Інфляцыя харчовага кошыка ў Беларусі ў кастрычніку склала 7,2% у параўнанні з паказчыкам кастрычніка мінулага года. У адносінах да верасня гэтага года яна замарудзілася. Тады яе фіксавалі на ўзроўні 7,5%. Ключавым фактарам тэндэнцыі стала зніжэнне цэнт на гародніну, тлумачаць у Еўразійскім банку развіцця.
Нязначна замарудзілася інфляцыя нехарчовых тавараў. Тут размова ідзе аб 4,1 працэнта ў кастрычніку пасля 4,2 працэнта ў верасні. У цэлым інфляцыя ў Беларусі ў кастрычніку склала 5,9 працэнта пасля 6 працэнтаў у верасні.
Асноўны фактар росту цэн – падаражэнне нерэгуляваных паслуг. У паслугах у кастрычніку інфляцыя павысілася да 6 працэнтаў пасля 5,6 працэнта ў верасні. (паводле Office Life)
У Беларусі сталі саджаць менш бульбы
Пра гэта заявіў намеснік прэм’ер-міністра Юрый Шулейка. «Мы менш пасадзілі бульбы, чым летась, таму што запатрабаванасць мінулых гадоў паказвала, што яе столькі не трэба», — сказаў Шулейка тэлеканалу news.by.
«Сёлета ўраджай бульбы складзе 990 тысяч тон. Гэтага дастаткова для ўнутранага рынку. Каля 300 тысяч тон ёсць і для экспарту», — дадаў чыноўнік. Па слова Шулейкі, ёсць лішкі і па капусце. Затое на наступны год плануюць вырасціць больш цыбулі.
З Індыі на беларускі рынак пастаўляюць шмат лекаў
Ключавой пазіцыяй індыйскага экспарту ў Беларусь сёлета сталі лекавыя сродкі, расфасаваныя для рознічнага продажу. На іх прыйшлося каля $ 11 млн па выніках студзеня – жніўня. Такія дадзеныя прыводзіць Myfin са спасылкай на індыйскую статыстыку.
Індыя таксама пастаўляе ў Беларусь апаратуру сувязі, тэлефонныя апараты, у тым ліку смартфоны. Што датычыцца прадуктаў, у бягучым годзе з Індыі пастаўлялі рыбнае філе і іншае мяса рыбы, крэветкі, рыс, куркуму, кансерваваныя агуркі і карнішоны, а таксама свежы і сушаны вінаград.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота: freepik.com.






