BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Беларусі расце колькасць фермерскіх гаспадарак

Колькасць фермерскіх гаспадарак у Беларусі павялічылася. Паводле даных Белстата, на пачатак года ў краіне дзейнічала 3 тысячы 796 фермерскіх гаспадарак — гэта на 9,6% больш, чым у 2021 годзе.

Таксама вядома, што летась фермеры мелі ў карыстанні 318 тысяч гектараў сельскагаспадарчых зямель, з якіх больш за 220 тысяч — гэта ворныя землі. У параўнанні з 2020 годам гэта рост амаль на 30%.

Асноўнай спецыялізацыяй фермерскіх гаспадарак застаецца раслінаводства, якое складае больш за 90% фермерскай прадукцыі.

Прадукты харчавання – у лідарах па росце цэн

Інфляцыя ў Беларусі ў гадавым выражэнні склала 7,1 працэнта, з пачатку года цэны выраслі на 4,5%. Нацыянальны статыстычны камітэт  таксама паведаміў, што цэны ў маі павялічыліся на 0,7% у параўнанні з красавіком.

Пры гэтым разганяюць інфляцыю найперш прадукты харчавання, якія за год сталі даражэйшымі на 9,6%. Нехарчовыя тавары падаражалі на 3,6%, а паслугі – больш як на сем працэнтаў.

Кыргызстан апярэдзіў Беларусь па ўвозе машын на расейскі рынак

Кыргызстан апярэдзіў Беларусь па ўвозе новых легкавых аўтамабіляў на расейскі рынак. Па выніках мая доля Кыргызстана (без аўтазборачных заводаў) у імпарце Расеяй новых аўто склала 9 працэнтаў, Беларусі (з заводам “Белджы”) – 5 працэнтаў. У гісторыі Кыргызстана важны не завод, а суседства з Кітаем. Уласна Кітай застаецца галоўнай крыніцай новай тэхнікі для расейскага рынка. У маі на яго долю прыпала 70% усёй тэхнікі. Яшчэ 7% патрапіла ў Расею з Паўднёвай Карэі.

Польскія геолагі будуць шукаць у краіне стратэгічную сыравіну

Міністэрства клімату Польшчы распрацавала праект Рэспубліканскай пошукавай праграмы, якая будзе рэалізоўвацца найперш у Ніжняй Сілезіі ў паўднёва-заходняй частцы Польшчы.

Сярод іншага, ёсць спадзяванне знайсці ў нетрах краіны поліметалічныя медныя руды, а таксама радовішчы графіту, адкрыццё якіх можа аказаць значны ўплыў на рынак і на пастаўкі стратэгічнай сыравіны. Агулам у спіс увайшлі таксама барыт, гелій, флюарыт і коксавы вугаль. Менавіта на гэтай стратэгічнай сыравіне будуць канцэнтравацца пошукі.

ЗША і Кітай дамовіліся аб захаванні гандлёвага перамір’я

Пра гэта паведамляе Reuters па выніках перамоў дэлегацый дзвюх краін у Лондане. Раней у Жэневе Вашынгтон і Пекін дамовіліся прыпыніць дзеянне павышаных ставак мытных пошлін, уведзеных у красавіку і пазней.

Перамір’е дзейнічае да 10 жніўня. Калі ЗША і Кітай не дасягнуць больш працяглага пагаднення, то амерыканскія мытныя пошліны на кітайскія тавары вырастуць з 30% да 145%, а пошліны Кітая на амерыканскія тавары – з 10% да 125%.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота ілюстрацыйнае: kamenec.by