Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі вызначыла паказчыкі штомесячнага дапушчальнага росту цэн. Пры гэтым гадавы прырост цэн не павінен перавысіць 5%, як і закладзена ў афіцыйным прагнозе сацыяльна-эканамічнага развіцця. Так, у студзені цэны не павінны былі вырасці больш як на 0,7%, і гэты паказчык удалося выканаць, піша Позірк.

Старшая навуковая супрацоўніца даследчага цэнтру BEROC Анастасія Лузгіна ў інтэрв’ю Свабодзе дапусціла, што ўлады будуць паступова адпускаць цэны:
– Цэны і цяпер паступова растуць, але пакуль выключна ў дазволеных цвёрдых межах. Далейшае захаванне такога моцнага рэгулявання цэн вельмі кепска адбіваецца на стане прадпрыемстваў і ў цэлым на эканоміцы. У 2024 годзе эфектыўнасць працы кампаній, асабліва ў гандлі, рэзка знізілася.
ВУП Беларусі ў студзені вырас на 3,7%
Валавы ўнутраны прадукт Беларусі ў студзені вырас на 3,7%. У Белстаце падкрэсліваюць, што гэта яго першая ацэнка. Аб’ём ВУП у бягучых цэнах склаў 20,5 млрд рублёў. Па выніках мінулага года ВУП вырас на 4%, а сёлета запланаваны яго рост на 4,1%.
Як Беларусь зарабляе на акупаваных украінскіх тэрыторыях
Беларускі расследавальніцкі цэнтр сумесна з партнёрамі апублікаваў расследаванне аб пастаўках рапсавага алею з Беларусі.
У апошнія гады пастаўкі рапсавага алею з Беларусі ў Еўразвяз выраслі. У першым паўгоддзі летась яны склалі 90,4 тысяч тон на 67,7 млн. еўра, што ў 2,6 разу больш, чым за ўвесь 2021 год. Асноўныя пакупнікі прадукту – Літва, Латвія і Польшча.
У Беларусі апошнія гады фіксуюцца рэкордныя ўраджаі рапсу, аднак магутнасці перапрацоўкі значна вышэйшыя і вытворцы алею імпартуюць сыравіну. Раней яна завозілася з Украіны і Расеі, а цяпер насенне алею фармальна ўвозіцца толькі з РФ. Расследавальнікі сцвярджаюць, што насамрэч частка сыравіны паступае з акупаваных тэрыторый Украіны.
Заробкі ў Польшчы паказваюць рост
Сярэдні заробак у польскай гаспадарцы ў 2024 годзе склаў 7140,52 злотых. Гэтыя лічбы прыведзены за вылікам узносаў на сацыяльнае страхаванне, але да падаткаабкладання. Гэта на 894,39 злотых больш, чым годам раней – сведчаць звесткі Галоўнага статыстычнага ўпраўлення. У выніку прыбытак палякаў да падаткаабкладання павялічыўся на 14,3% год да года. Гэтыя звесткі ахопліваюць усе галіны эканомікі, у тым ліку бюджэтны сектар і мікрапрадпрыемствы.
Паколькі інфляцыя склала ў мінулым годзе 3,6%, то гэта азначае, што заработная плата ў рэальным выражэнні за год вырасла на 10,3%.
Беларускае Радыё Рацыя






