У мінулым годзе на працу ў Беларусь прыехалі 33,8 тысячы гастарбайтараў. Гэта ў два з паловай разу больш, чым было ў пазамінулым, заўважыла выданне “Беларусы і рынак”. Найбольшая колькасць новых мігрантаў прыбыла ў Беларусь з Туркменістана — 16,3 тысячы чалавек за год. У параўнанні з 2023-м паток мігрантаў з гэтай краіны вырас у восем разоў. На другім месцы з вялікім адрывам ідуць грамадзяне Расе — 4,1 тысячы чалавек. За імі – кітайцы (2,8 тысячы), украінцы (2,5 тысячы), узбекі (2 тысячы).

Выбуховы прырост працоўнай міграцыі тлумачыцца тым, што ў апошнія гады афіцыйны Менск істотна спрасціў правілы прыёму іншаземцаў на працу. Новы Закон аб знешняй працоўнай міграцыі дазваляе некаторым катэгорыям іншаземцаў легалізавацца на беларускім рынку працы без спецыяльных дазволаў.
Урад зняў забарону на ўвоз сэканд-хэнду з Літвы
Забарона на ўвоз у Беларусь адзення, што было ў карыстанні, з тэрыторыі Літвы перастане дзейнічаць з 28 сакавіка. Пра гэта сведчыць пастанова ўрада №174, апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Гэтая пастанова працягвае дзеянне забароны на ўвоз шэрагу тавараў з Літвы на тэрыторыю Беларусі, незалежна ад краіны іх паходжання. Пры гэтым выключэнне для «сэканд-хэнду» азначае, што менавіта адзенне, што было ва ўжыванні, з 28 сакавіка зноў можна будзе ўвозіць у Беларусь з Літвы.
Пад забаронай, як і раней, застаюцца іншыя тавары, якія нельга завозіць на тэрыторыю Беларусі праз пункты пропуску на мяжы з Літвой. У спісе: мінеральная вада, піва, віно, вінаграднае сусла, вермуты, спірт этылавы, воцат, шыны і пакрышкі пнеўматычныя гумовыя і іншае.
Хутчэй за ўсё даражэюць камунальныя паслугі і гародніна
Камунальныя паслугі і гародніна сталі лідарамі па падаражэнні ў студзені — лютым, вынікае з праведзенага “Позіркам“ аналізу даных Белстата.
Тарыфы на абыходжанне з цвёрдымі камунальнымі адходамі (вываз і ўтылізацыя) выраслі на 21,45%, халоднае водазабеспячэнне — на 21,15%, каналізацыю — на 19,26%.
Сярод сезонных харчовых тавараў хутчэй за ўсё раслі цэны на моркву (19,57%), капусту (19,40%) і рэпчатую цыбулю (14,43%). З нехарчовых тавараў найбольш прыкметна цэны выраслі на жывыя зрэзаныя кветкі (12,41%), штодзённыя газеты (7,32%) і туш для павек, броваў (6,12%).
Агулам спажывецкія кошты выраслі з пачатку года на 2,01%.
Узровень жыцця ў Еўразвязе вельмі розны
Еўрастат апублікаваў папярэднія ацэнкі валавога ўнутранага прадукту на душу насельніцтва. Гэта паказчык, які дазваляе параўноўваць узровень дабрабыту і эканамічнага развіцця розных краін. Адзначаецца, што ў мінулым годзе гэты ВУП быў вельмі розны. Сярэдні па ЕЗ – 66%, а да прыкладу ў Люксембургу – 241%. Самы нізкі ВУП на душу насельніцтва ў Балгарыі, на 34% ніжэй за сярэдні паказчык па ЕЗ.
Што ў Польшчы? У Польшчы гэты паказчык складае 79% ад сярэдняга па Еўразвязу. Такім чынам, Польшча знаходзіцца паміж Эстоніяй і Румыніяй. Цяпер Польшча апярэджвае толькі Харватыю, Венгрыю, Славакію, Латвію, Грэцыю і Баўгарыю, піша businessinsider.com.pl.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: Павел Лісіцын






