
У Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання распавялі пра ўраджай 2023 года. Паводле вынікаў, збожжа з улікам кукурузы сабралі амаль на дзесяць працэнтаў менш у параўнанні з мінулым годам. У ведамстве патлумачылі праблемы з ураджаем кліматычнымі ўмовамі:
“Экстрэмальныя ўмовы надвор’я і клімату, якія склаліся ў гэтым годзе, у прыватнасці павышанае выпадзенне ападкаў (больш за 300% да нормы) і паніжаныя тэмпературы паветра і глебы ў вясновы перыяд, а таксама працяглая адсутнасць ападкаў у маі-чэрвені, адбіліся на ўраджайнасці шэрагу сельскагаспадарчых культур”, — адзначылі ў Міністэрстве.
Пры гэтым бульбы сабралі амаль на дзевяць працэнтаў больш, рапсу – на 11,5 працэнтаў, цукровых буракоў – амаль на 13 працэнтаў.
У Беларусі пачынаюць правяраць якасць хлебу
Камітэт дзяржаўнага кантролю вырашыў правесці гарачую лінію па пытаннях якасці хлебу. “Грамадзяне могуць паведаміць пра якасць хлебабулачных вырабаў, фактах рэалізацыі няякаснай прадукцыі, пра умовы захоўвання і рэалізацыі хлебабулачных вырабаў”, – паведамляе прэс-служба камітэта. Званкі плануюць прымаць 27 і 28 снежня па кароткім нумары 191.
Сям’я збірала манеты ў трохлітровы слоік, а нядаўна падлічылі суму
Сям’я беларусаў летась зрабіла з трохлітровага слоіка скарбонку. За год і чатыры месяцы яны запоўнілі ёмістасць манетамі. Працэс “распакоўкі” яны знялі на камеру і выклалі ў TikTok, а потым падлічылі назапашаную суму.
Збор пачалі 15 ліпеня мінулага года. Спачатку ў слоік кідалі манеты рознага наміналу, а потым толькі рублёвыя і двухрублёвыя. Па выніку ў слоіку сабралася 2 тысячы 912 рублёў. Гэта прыкладна 940 даляраў. Аднак, як падлічылі некаторыя гледачы, за час збору інфляцыя “з’ела” частку суму. Бо па стане на ліпень мінулага года гэта была б 1 тысяча 128 даляраў.
У Расеі затрымалі кантрабандныя беларускія цыгарэты на 870 тыс. даляраў
У Пскоўскай вобласці Расеі затрыманыя кантрабандныя беларускія цыгарэты на суму 80 млн расейскіх рублёў (каля 870 тысяч даляраў), піша “Позірк”. “Тытунёвыя вырабы канфіскаваныя. Правапарушальнікі будуць прыцягнутыя да адказнасці”, — заявілі ў мытнай службе.
Мытнікі сумежных краін рэгулярна выяўляюць вялікія партыі кантрабандных цыгарэт беларускай вытворчасці. Да прыкладу, 8 снежня ў Літве цягам дня былі затрыманыя беларускія цыгарэты на суму, якая перавышае адзін мільён еўра. Літоўскі бок кажа, што аб’ёмы кантрабанды не змяншаюцца, бо кантрабанда цыгарэт падтрымліваецца рэжымам Лукашэнкі, акрамя таго на гэтыя цыгарэты надалей высокі попыт у Еўропе.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота з адкрытых крыніц.






