BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Беларусі стабільна растуць цэны на нерухомасць

Сярэдні кошт квадратнага метра ў ліпені склаў у сярэднім 1723 даляры. Аналітык цэнтра Beroc Леў Львоўскі кажа, што крызісу пакуль не назіраецца, а цэны растуць не толькі ў Беларусі, але і ў Еўропе:

Галоўная прычына росту цэн на нерухомасць і на арэнду ў тым, што за апошнія тры гады з-за моцнага перагрэву эканомікі адзначаецца небывалы рост рэальных заробкаў. Так, з 2021 года эканоміка вырасла на 3-4%, а рэальныя заробкі на 25%.

Адпаведна, частка даходаў ідзе ў спажыванне, а частка — у зберажэнні, якія часта з’яўляюцца інвестыцыямі ў нерухомасць. То бок попыт на нерухомасць ёсць, адпаведна расце і цана. Другая прычына сітуацыі – даволі даступныя крэдыты на жыллё, адзначыў эксперт. (паводле “Еўрарадыё”)

Беларусь застаецца найбуйнейшым пакупніком польскіх яблыкаў

Беларусь у жніўні 2025 года засталася найбуйнейшым імпарцёрам польскіх яблыкаў сярод краін, якія не ўваходзяць у Еўрапейскі звяз, паведамляе спецыялізаваны партал sadyogrody.pl.

Так у жніўні ў Беларусь паставілі больш за палову — 656 з 1.151 тоны яблыкаў, экспартаваных Польшчай па-за Еўразвяз. Далей ідуць Манголія (181 тона), Нарвегія (121 тона) і Казахстан (101 тона). Агулам экспарт яблыкаў ажыццяўляўся ў сем дзяржаў, якія не ўваходзяць у ЕЗ.

Партал адзначае, што ў жніўні мінулага года асноўным імпарцёрам польскіх яблыкаў быў Егіпет, аднак праз год гэтая краіна наогул адсутнічае ў спісе пакупнікоў. “Кожны год адрозніваецца ад іншых і вызначаецца геапалітычнай сітуацыяй у свеце”, — заключаюць аўтары матэрыялу.

Беларусь хоча перанакіраваць гандлёвыя патокі

Беларусь разглядае магчымасць пераарыентаваць частку гандлёвых патокаў з Кітаем на далёкаўсходнія парты і пункты пропуску. Пра гэта паведаміў на Усходнім эканамічным форуме генеральны консул Беларусі ва Уладзівастоку Ігар Сокал. Ён адзначыў, што Далёкі Усход уяўляе для Беларусі вялікую цікавасць, паколькі цяпер гэта нешта накшталт сусветнага хабу па прасоўванні тавараў краін ЕАЭС у Паўднёва-Усходнюю Азію і Азіяцка-Ціхаакіянскі рэгіён. Па словах генконсула, Кітай застаецца адным з найбуйных знешнеэканамічных партнёраў Беларусі. І гандляваць з гэтай краінай “без Далёкага Усходу мы не можам”. Размова ідзе аб выкарыстанні чыгунак і партоў у Прымор’е.

У сувязі з гэтым пытанне перанакіравання гандлёвых патокаў на далёкаўсходнія парты падрабязна разглядаецца на Усходнім эканамічным форуме, які праходзіць 3-6 верасня, піша Office Life.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: OL.