BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Беларусі стратная кожная пятая арганізацыя гандлю

З 714 арганізацый гандлю, якія ўлічваюцца Нацыянальным статыстычным камітэтам, стратныя 137. Гэта больш за 19 працэнтаў. Пра гэта  паведаміў першы намеснік прэм’ер-міністра Мікалай Снапкоў 21 снежня ў Менску на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі па цэнах.

Таксама Снапкоў паведаміў, што па выніках студзеня — лістапада рознічны тавараабарот вырас на 8,2% у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам. “То бок людзі сталі больш хадзіць у крамы і больш купляць. Вось галоўны вынік”, — сказаў ён.

У той жа час, канстатаваў чыноўнік, прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі ў гандлі ўпаў. Паводле яго, гэта “не стала сюрпрызам для ўрада, а было цалкам чакана і прагназавана”. Ён тлумачыць гэта кантролем над цэнамі. Лукашэнка ў сваю чаргу запатрабаваў устанавіць “дакладную і зразумелую сістэму” цэнаўтварэння з 1 студзеня 2024 года.

Літва не прапускае ў Беларусь пустыя фуры, зарэгістраваныя ў ЕЗ

Літоўская мытня адмаўляецца прапускаць у Беларусь і Расею пустыя грузавыя аўтамабілі, зарэгістраваныя ў краінах Еўразвязу, паведамляецца на сайце ведамства. Гэтую меру літоўскія мытнікі тлумачаць тым, што ЕЗ забараніў экспарт транспартных сродкаў у Беларусь і Расею. Фуры з таварамі пад забарону не трапляюць і могуць перасякаць мяжу.

Раней літоўская мытня ўзмацніла кантроль за таварамі, якія вывозяцца з краіны ў Беларусь і Расею. Цяпер да іх абавязкова патрабуецца дэкларацыя вытворцы. У ёй пастаўшчык павінен пацвердзіць, што ведае канчатковага атрымальніка тавару, а таксама гарантаваць, што пастаўкі не парушаюць санкцыі, піша “Наша Ніва”.

Светлагорскі камбінат ладзіць у сябе сістэму абароны ад дронаў

Светлагорскі цэлюлозна-кардонны камбінат збіраецца закупіць сістэму абароны ад дронаў, наладзіць яе і навучыць персанал. Кошт пытання — 700 тысяч рублёў, даведаўся “Флагшток”.

Вытворцам абсталявання, якое збіраецца закупіць Светлагорскі ЦКК, павінны быць толькі краіны Еўразійскага эканамічнага саюза. Само абсталяванне павінна ўяўляць сабою шматроўневую інфармацыйна-кіравальную сістэму збору, апрацоўкі, перадачы і захоўвання інфармацыі. Далёкасць выяўлення беспілотніка павінна складаць не менш за два кіламетры, а далёкасць падаўлення каналаў сувязі — не менш за кіламетр. Задача сістэмы — выяўляць і падаўляць іншыя беспілотнікі.

Кітайскія інвестары шукаюць на Гарадзеншчыне месца пад майнінг-ферму

У Свіслачы на Гарадзеншчыне можа з’явіцца ферма для майнінгу крыптавалют. Пабудаваць яе хочуць кітайскія інвестары, піша “Свіслацкая газета”. У райцэнтры іх прымаў старшыня райвыканкама Аляксандр Вярсоцкі. Інвестараў вывезлі паглядзець прапанаваныя пляцоўкі. Абмяркоўваліся і іншыя пытанні, звязаныя з патэнцыйным размяшчэннем фермы.

На прэс-канферэнцыі 20 снежня міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч назваў майнінг крыптавалют адным з напрамкаў павелічэння спажывання электраэнергіі ў краіне. Ён звязаў гэтае пытанне з працай Беларускай атамнай электрастанцыі.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: pixabay.com.