У Беларусі з пачатку года вырасла афіцыйнае беспрацоўе. Паказчыкі красавіка перавысілі ўзровень беспрацоўя, які быў зафіксаваны ў студзені. На гэтыя звесткі Еўразійскай эканамічнай камісіі звярнуў увагу рэсурс «Позірк». Сярод удзельнікаў ЕАЭС беспрацоўе вырасла яшчэ ў Казахстане.

У Беларусі ў красавіку ў дзяржаўных службах занятасці былі зарэгістраваныя 4,3 тысячы чалавек, гэта амаль на 5% больш, чым у студзені. Колькасць занятых у эканоміцы, паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у красавіку скарацілася на 2,6 тысячы чалавек, або на 0,1%.
Апошнім часам беларускія чыноўнікі ўсё часцей гавораць пра недахоп кадраў. Дэфіцыт працоўных рук у Беларусі – «доўгачасовы і стратэгічны выклік як у колькасным, так і ў якасным аспектах», казала, у прыватнасці, у канцы траўня рэсурсу sb.by намесніца міністра эканомікі Таццяна Бранцэвіч.
Літва перакрыла транзітны калідор у Беларусь для машын з ЗША
У порце Клайпеды сабраліся сотні аўтамабіляў, якім не ўдалося пераадолець літоўска-беларускую мяжу пасля 4 чэрвеня. Некаторыя з іх вярнуліся на мытныя склады, паведамляе партал «Аўтабізнес».
З 4 чэрвеня мытня Літвы патрабуе пашыраны пералік дакументаў для аўтамабіляў, якія экспартуюцца, рээкспартуюцца або перавозяцца транзітам. У тым ліку трэба прадстаўляць абавязанні экспарцёра і атрымальніка тавару ў тым, што тавар не прызначаны для расейскага рынку. Акрамя таго, зараз трэба на працягу 40 дзён пасля перасячэння мяжы прад’явіць копію мытнай дэкларацыі, якая пацвярджае, што аўтамабіль растаможылі не ў Расеі. А пры рээкспарце ці транзіце легкавушкі ў Беларусь вывезці такі аўтамабіль зараз можа толькі ўласнік – не блізкі член сямʼі і не сваяк, які прадстаўляе даверанасць.
Праблему з дастаўкай у Беларусь журналістам пацвердзілі ў лагістычным аддзеле адной з кампаній па дастаўцы машын з ЗША. (Office Life)
Нямецкі газавы імпарцёр разарваў кантракты з «Газпромам»
Найбуйнейшы газавы імпарцёр Нямеччыны кампанія Uniper паведаміла пра скасаванне доўгатэрміновых кантрактаў на пастаўкі газу з «Газпром Экспорт». Пра гэта гаворыцца на сайце кампаніі, піша «Настоящее время». Стакгольмскі арбітраж прызнаў права кампаніі разарваць кантракт і запатрабаваць ад «Газпрома» больш за 13 мільярдаў еўра ў якасці кампенсацыі за непастаўлены газ з сярэдзіны 2022 года.
Uniper ініцыявала арбітражны працэс супраць «Газпром Экспарт» у канцы 2022 года, сутыкнуўшыся з істотнымі стратамі праз скарачэнне, а пасля і спыненне паставак расейскага газу. Гэта вымусіла кампанію закупляць газ у іншых месцах па высокіх рынкавых цэнах, што прывяло да штодзённых выдаткаў у сотні мільёнаў еўра. Як гаворыцца ў паведамленні Uniper, кампанія пазбегла банкруцтва дзякуючы падтрымцы ўладаў Нямеччыны і стабілізацыйнай дамове, паводле якой федэральны ўрад стаў яе асноўным акцыянерам.
Беларускае Радыё Рацыя






