У Беларусі вырасла мінімальная зарплата. З 1 студзеня яна складае 726 рублёў. Адпаведную пастанову падпісаў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка.

Папярэдні раз мінімальная зарплата павышалася ў пачатку 2024 года. З 1 студзеня яна складала 626 рублёў. Такім чынам мінімальную зарплату павысілі на 100 рублёў. Мінімальная зарплата ўжываецца ў якасці ніжэйшай мяжы аплаты працы для ўсіх работнікаў, якія заключылі працоўную дамову.
Базавая велічыня ў Беларусі складае ўжо 42 рублі
Памер базавай велічыні з 1 студзеня 2025 года складае 42 рублі. Яна вырасла на 2 рублі. Папярэдні раз базавая велічыня змянялася год таму: тады яна вырасла з 37 да 40 рублёў. На гэтым узроўні яна пратрымалася ўвесь год.
У базавых велічынях разлічваецца памер дапамог, стыпендый, падаткаў і збораў, штрафаў ды іншых выплат.
Польшча ўвяла санкцыі на пастаўшчыка беларускага карбаміду
Польшча ўвяла санкцыі ў дачыненні да зарэгістраванага на Кіпры пастаўшчыка беларускага карбаміду. Зарэгістраваная на Кіпры кампанія ROSTUMEL HOLDING LIMITED унесена ў санкцыйны спіс Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы на патрабаванне кіраўніка Нацыянальнай падатковай адміністрацыі за гандаль карбамідам беларускага паходжання вытворчасці ААТ “Гродна Азот”. Прычынай уключэння ў спіс сталі дзейныя санкцыі ЕЗ у дачыненні да згаданага беларускага вытворцы.
Паводле звестак польскага выдання money.pl, за сем месяцаў 2024 года Польшча імпартавала з Беларусі 185,5 тысяч тон угнаенняў. Пры гэтым чыстая страта польскага вытворцы ўгнаенняў Grupa Azoty у першай палове гэтага года склала 748 млн злотых (каля 187 млн даляраў). Беларусь па выніках першай паловы 2024 года знаходзілася на трэцім месцы па аб’ёме паставак у Польшчу азотных угнаенняў, саступаючы Расіі і Германіі.
Харчовая бяспека – адзін з прыярытэтаў польскага старшынства ў ЕЗ
Сярод прыярытэтаў польскага старшынства ў Еўразвязе, якое пачалося 1 студзеня, будзе харчовая бяспека, адзначыў міністр сельскай гаспадаркі Чэслаў Сякерскі. Вялікая ўвага будзе надавацца пагадненням ЕЗ з паўднёваамерыканскімі краінамі. Еўрапейскія аграрыі апасаюцца, што танная сельскагаспадарчая прадукцыя з Паўднёвай Амерыкі выцесніць прадукты харчавання еўрапейскага паходжання.
Міністр Сякерскі паведаміў, што Польшча таксама падрыхтуе новыя ўмовы супрацоўніцтва Еўразвязу з Украінай пасля 5 чэрвеня, калі закончыцца дзеянне гандлёвага пагаднення:
– Мы хочам значна абмежаваць адкрытасць ЕЗ на тавары з Украіны, таму што гэта разбурае стабільнасць еўрапейскага рынку.
Беларускае Радыё Рацыя






