У Беларусі вырастуць цэны на некаторыя аўтамабілі, а выбар стане меншым. Пра гэта піша Наша Ніва. Першая катэгорыя машын, якую чакаюць сур’ёзныя змены, — гэта электрамабілі. Да нядаўняга моманту іх можна было ўвозіць у Беларусь з нулявым мытам.

Бяспошлінна электракары ўвозілі як фізічныя асобы, так і ІП, і юрыдычныя асобы, у тым ліку афіцыйныя і неафіцыйныя дылеры. Аднак станам на 1 кастрычніка ў Беларусі вычарпалі квоты на бяспошлінны ўвоз электракараў. Такім чынам, атрымліваецца, што за дзевяць месяцаў гэтага года фізічныя і юрыдычныя асобы імпартавалі ў Беларусь 15 тысяч электракараў, прадугледжаныя квотай, памер якой вызначае Еўразійская эканамічная камісія.
Памер мытнай пошліны на электракары складае 15%. Таму машыны з новых паставак даволі істотна падаражэюць. Той факт, што ў Беларусі вычарпалі гадавы ліміт усяго за дзевяць месяцаў, сведчыць пра тое, што электрамабілі ў Беларусі хутка набіраюць папулярнасць. Іншы чыннік, які таксама можа паўплываць на цэны і выбар аўто на рынку Беларусі, — павышаны попыт з боку расейцаў на некаторыя тыпы машынаў.






