На сайце Менскага абласнога цэнтра інвестыцый і прыватызацыі з’явілася незвычайная аб’ява: на аўкцыён выстаўлены кавалак чыгункі. Гаворка ідзе пра пад’язны шлях да прадпрыемства — яго прадае ААТ «Слуцкі аграсэрвіс».

На продаж прапануюць 627 метраў чыгункі (уключна з уласным стрэлкавым адгалінаваннем), з якіх 500 метраў адыходзяць ад пасажырскай лініі Слуцк — Асіповічы паміж прыпынкамі Навадворцы і Казловічы. Пачатковы кошт лота — 58 882 рублі. Аўкцыён адбудзецца 24 ліпеня.
У Магілёве яшчэ не аправіліся ад наступстваў стыхіі мінулага тыдня
Пасля рамонтных і аднаўленчых работ, звязаных з стыхіяй, якая абрушылася, без электраэнергіі застаецца прадпрыемства “Магілёўхімвалакно”, паведаміў дзяржСМІ міністр энергетыкі Дзяніс Мароз.
“Электраэнергія пададзена ва ўсе населеныя пункты, даведзена да кожнага спажыўца і прамысловага прадпрыемства, — падкрэсліў ён. — Выключэннем стала “Магілёўхімвалакно” — гэта самы цяжкі ўчастак, там пашкоджаны тэхналагічны токаправод”. Паводле міністра, “паступова працэсы запускаюцца”. Кіраўнік ведамства чакае, што поўнае аднаўленне электразабеспячэння на прадпрыемстве зойме “не менш за тыдзень”.
Беларускай эканоміцы не хапае больш за 11 тысяч кіроўцаў
11.243 вакансіі па спецыяльнасці “кіроўца аўтамабіля” адкрытыя на рынку працы Беларусі, вынікае са звестак на сайце Дзяржаўнай службы занятасці. Больш за ўсё кіроўцаў патрабуецца ў Менску — 3.295. Далей ідуць Менская, Гомельская і Берасцейская вобласці.
Усяго ж па Беларусі на сёння адкрыта амаль 217 тысяч вакансій, і гэта на сем тысяч больш, чым у мінулым месяцы. Больш за 50% запатрабаваных спецыяльнасцяў — прафесіі з сярэднеспецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыяй. Больш за ўсё ў наймальнікаў запатрабаваныя работнікі ў сферах будаўніцтва (тынкоўшчыкі, муляры), сельскай гаспадаркі (жывёлаводы) і аховы здароўя.
Псеўданацыяналізацыя ў Расеі
За тры гады гэтай вайны рэжым Пуціна канфіскаваў прыватную маёмасць на суму не менш за 50 мільярдаў долараў, што эквівалентна адной траціне гадавога ваеннага бюджэту Расеі. Гэта адбываецца пад лозунгам «нацыяналізацыі» з мэтай атрымання сродкаў для вядзення злачыннай вайны, піша Івона Трусевіч у газeце Rzeczpospolita.
Эксперты неаднаразова адзначалі, што бізнес і маёмасныя правы безабаронныя перад расейскай дыктатурай, якая можа ліквідаваць любую кампанію. Каб праілюстраваць маштаб рабавання Крамлём прыватных актываў, юрысты юрыдычнай фірмы «Нектараў, Савельеў і партнёры» адзначаюць, што канфіскаваная маёмасць перавышае гадавы бюджэт Санкт-Пецярбурга больш чым у 2,5 разу, а бюджэты буйных рэгіёнаў, такіх як Новасібірск і Растоўская вобласць, больш чым у дзесяць разоў. Колькасць канфіскацый працягвае расці, паколькі рэжым захоплівае кантроль над стратэгічнымі прадпрыемствамі.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: rlt.by.






