Паводле папярэдняй ацэнкі, за першыя два месяцы гэтага года валавы ўнутраны прадукт Беларусі вырас на 3,1% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Як паведамілі ў Белстаце, аб’ём ВУП у бягучых цэнах у студзені-лютым склаў 38,7 млрд рублёў.

Згодна з данымі Белстата, у студзені ВУП Беларусі вырас на 3,7% у параўнанні са студзенем 2024 года. Гэта на 0,3% ніжэй, чым паводле вынікаў мінулага года. Асноўны ўнёсак у рост беларускага ВУП уносяць гандаль, прамысловая вытворчасць і сельская гаспадарка. Як адзначаюць у Еўразійскім банку развіцця, рост прамысловасці ў краіне стрымліваюць два фактары: абмежаваныя магчымасці прыцягнення работнікаў, высокая загрузка вытворчых магутнасцяў. Паводле апытанняў прадпрыемстваў, узровень загрузкі магутнасцяў складае каля 70%, піша «Наша Ніва».
У 10% правераных беларускіх крам прадавалі няякасную бульбу
З 10 па 14 сакавіка Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ва ўзаемадзеянні з аблвыканкамамі, Менскім гарадскім і раённымі выканаўчымі камітэтамі правяраў наяўнасць у продажы ў крамах бульбы. Усяго было праверана 437 крамаў.
«У 3% аб’ектаў бульба адсутнічала. У 10% аб’ектаў да рэалізацыі прапаноўвалася бульба, якая не адпавядае патрабаванням заканадаўства (з механічнымі пашкоджаннямі, закранутая паршой, мокрая, з кальцавой гнілатой, пазелянелая на плошчы больш за 1/4 паверхні, дробнай каліброўкі і іншае)», — адзначае прэс-служба міністэрства. У канцы лютага з-за праблем з бульбай крытыкаваў урад Аляксандр Лукашэнка. Ён абурыўся адсутнасцю дастатковай колькасці бульбы ў краіне і ростам цэн на яе.
Больш за палову льнозаводаў у Беларусі чакае мадэрнізацыя
Больш за палову (10 з 19) льнозаводаў у Беларусі чакае мадэрнізацыя. Пра гэта паведаміў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Гракун. Паводле яго слоў, у іх “высокая ступень зносу вытворчых будынкаў, сістэм інжынерных камунікацый і тэхналагічнага абсталявання”. У бліжэйшы час па тры прадпрыемствы з Віцебскай, Менскай і Магілёўскай абласцей і адно з Гомельскай вобласці павінны падрыхтаваць “план-графік мадэрнізацыі”. У якасці крыніц фінансавання плануецца “максімальна задзейнічаць” мясцовыя інавацыйныя фонды.
Жыхароў 100-тысячнага Мазыра пачалі абслугоўваць аўталаўкі
У некаторых раёнах Мазыра жыхароў сталі абслугоўваць аўталаўкі. Звычайна іх накіроўваюць у аддаленыя вёскі, дзе няма крамаў. А насельніцтва Мазыра складае больш за 100 тысяч чалавек. Як піша “Флагшток”, прычына ў тым, што некаторыя сектары горада засталіся без стацыянарных прадуктовых крамаў. У Мазыры зачынілася папулярная гандлёвая сетка “Аметыст”, якая дзейнічала больш за 30 гадоў. Яна брала на сябе функцыю крамаў крокавай даступнасці, і ім у горадзе не было альтэрнатывы. Пра тое, што замест крамаў “Аметыст” будуць працаваць аўталаўкі, мазырскія ўлады паведамілі ў мясцовай газеце. Аднак прыязджаюць гэтыя машыны толькі два дні на тыдзень. Па аўторках і пятніцах аўталаўкі стаяць на вуліцах Астроўскага і Сацыялістычнай, а па серадах і суботах — на вуліцах Гогаля і Якуба Коласа.
Як выявіў “Флагшток”, уладальнікі “Аметыста” выставілі прадпрыемства на продаж як гатовы бізнес. У сетцы сем крамаў і кіруючы офіс.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота ілюстрацыйнае: Андрэй Філіпаў.