BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Беларусі забароняць прадаваць нерухомасць без прысутнасці ўласніка?

У беларусаў, якія жывуць за мяжой, пасля восеньскага ўказу Лукашэнкі ўзніклі праблемы з продажам нерухомасці па даверанасці. Як стала вядома «Радыё Свабода», неўзабаве гэты працэс можа яшчэ больш ускладніцца. Журналістам стала вядома, што супрацоўнікі КДБ праяўляюць цікавасць да дзейнасці натарыяльных кантор, якія займаюцца афармленнем здзелак з нерухомасцю. У Беларусі ў выніку можа з’явіцца шмат так званай безгаспадарнай спадчыны. То бок нерухомасці, якую ніхто не прыняў у спадчыну пасля смерці ўласніка. «І ўся гэтая безгаспадарная спадчына адыдзе дзяржаве», – кажа крыніца «Свабоды». Суразмоўца лічыць, што змены вядуць да таго, каб «адціскаць кватэры ў тых, хто выехаў за мяжу».

Фота: Domovita.by

Як патлумачыў яшчэ адзін суразмоўца, зараз па генеральнай даверанасці, аформленай у Беларусі, пакуль можна прадаць нерухомасць ці атрымаць даведку на чалавека, які за мяжой. Але ёсць іншыя складанасці, калі нельга без уласніка зарэгістраваць нерухомасць, акрамя таго, рыхтуецца поўная забарона на продаж нерухомасці ў Беларусі без прысутнасці ўласніка.

Для кантролю за санкцыямі Швейцарыя стварыла групу экспертаў

У Швейцарыі для кантролю за санкцыямі, уведзенымі супраць Беларусі і Расеі, стварылі групу спецыялістаў, якія выяўляюць парушэнні. Згаданая група займаецца, сярод іншага, адміністрацыйнай і крымінальнай вытворчасцю ў сувязі з ужываннем санкцый і іх выкананнем, следчымі дзеяннямі ў сувязі з магчымымі парушэннямі санкцый і так далей. У Дзяржаўны сакратарыят эканомікі Швейцарыі паступіла ўжо каля 230 паведамленняў аб падазроных выпадках. З 47 распачатых спраў 29 – юрыдычна завершаныя. Толькі ў дзевяці выпадках разбіральніцтва скончылася накладаннем штрафу, у іншых – справы проста спынілі.

У 2022 годзе Швейцарыя далучылася да санкцый ЕЗ, уведзеных супраць Беларусі і Расеі з-за агрэсіі супраць Украіны. А летась яна падтрымала санкцыйны пакет ЕЗ супраць рэжыму Лукашэнкі.

Еўрапейскія фермеры пратэстуюць амаль месяц

З канца студзеня ў краінах ЕЗ трываюць пратэсты фермераў. Блакаванне дарог, трактары, гной, сцірты саломы – традыцыйныя атрыбуты такіх дэманстрацый.

Нагодаю для пратэстаў стала «зялёная» пастанова Еўракамісіі. Чыноўнікі ў Бруселі абавязалі трымаць 4% ворных зямель незасаджанымі дзеля захавання прыроднай разнастайнасці. Яшчэ раней Еўракамісія падрыхтавала законапраект аб скарачэнні выкарыстання пестыцыдаў. Таксама фермеры, у прыватнасці, польскія, пратэстуюць супраць наплыву ўкраінскага збожжа і харчоў на еўрапейскі рынак. Яшчэ фермеры патрабуюць павелічэння субсідый.

Брусель ужо адклікаў ранейшы законапраект аб выкарыстанні пестыцыдаў у сельскай гаспадарцы, каб падрыхтаваць новы. Акрамя таго, Еўракамісія ўхваліла рэзалюцыю, што дазваляе фермерам выкарыстоўваць землі, якія мелі заставацца ў папары.

Беларускае Радыё Рацыя