BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Беларусі заявілі пра рэкордны рост ВУП

Валавы ўнутраны прадукт у Беларусі па выніках 2025 года “дасягне гістарычнага максімуму”, перавысіўшы 90 млрд долараў.

Такія папярэднія даныя падаў міністр эканомікі Юрый Чабатар у інтэрв’ю часопісу “Эканоміка Беларусі”. Паводле чыноўніка, чакаецца таксама рэкордны аб’ём экспарту за 10 гадоў — больш за 50 млрд долараў. Пры гэтым экспарт паслуг упершыню дасягне 11,2 млрд, сцвярджае ён.

Імідж Беларусі перашкаджае развіваць IT-галіну

У Беларусі стварылі толькі частку ўмоў, неабходных для развіцця IT паводле сусветных стандартаў. Да такой высновы прыйшлі эксперты навукова-даследчага эканамічнага інстытута (НДЭІ) Міністэрства эканомікі.

Развіццю сферы дапамагаюць спецыяльныя рэжымы працы ў ПВТ і індустрыяльным парку “Вялікі Камень”. Аднак ёсць і шэраг праблем. Унутры краіны ў айчынных распрацоўшчыкаў абмежаваныя інструменты падтрымкі, а сама экасістэма нацыянальнага праграмнага забеспячэння застаецца няпоўнай. Стрымліваючым фактарам на замежных рынках эксперты назвалі імідж Беларусі.

Беларусь паставіла ў Расею так шмат малака, што столькі і не трэба

Расея ў цэлым цалкам забяспечаная асноўнымі прадуктамі харчавання ўласнай вытворчасці, а на рынку малака нават назіраецца лішак — у тым ліку дзякуючы пастаўкам з Беларусі. Пра гэта паведаміла намесніца старшыні камітэта Дзярждумы па аграрных пытаннях Юлія Аглобліна. У той жа час, па словах, дэпутаткі, Міністэрства сельскай гаспадаркі Расеі імкнецца пазбавіцца залежнасці ад беларускай «малочкі».

Цяжэй за ўсё знайсці працу пасля 50-ці гадоў

Рынак працы ў Польшчы ўваходзіць у новую фазу, і адной з груп, якая найбольш адчувае гэтыя змены, з’яўляюцца людзі 50+. Паводле дадзеных Маніторынгу рынку працы Randstad, асобы ва ўзросце 50–64 гадоў шукаюць працу ў сярэднім больш за сем месяцаў.

Аднак рынак пачынае пасылаць новыя сігналы. Працадаўцы сутыкаюцца з дэфіцытам кадраў, адтокам маладых супрацоўнікаў і высокай кадравай цякучасцю. У выніку яны ўсё часцей глядзяць у бок дасведчаных кандыдатаў. Найбольш прапаноў для людзей 50+ сёння ў страхавой сферы, медыцыне, апецы і гандлі.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота ілюстрацыйнае: pixabay.com.