Пайшла ў банкруцтва кампанія «Прыбужжа Груп», якая выпускала каўбасы пад брэндам Miednowski.

У Адзіным дзяржаўным рэестры звестак аб банкруцтве паведамляецца, што 12 чэрвеня эканамічны суд Берасцейскай вобласці вынес пастанову, якая тычыцца пачатку вытворчасці па справе аб банкруцтве. Прадпрыемства, якое размяшчалася побач з аграгарадком Медна ў Берасцейскім раёне, выпускала прадукты з польскім каларытам: «Шынка Мазавецкая», «Сасіскі Варшаўскія», «Каўбаса вараная польская з салам» і г.д. У асартыменце была і іншая прадукцыя, напрыклад, пашцеты і зельцы. (nashaniva.com)
Польскі банк Santander просяць не дыскрымінаваць беларусаў
Беларускія актывісты з Гданьска склалі петыцыю ў польскі банк Santander і Камісію фінансавага нагляду з просьбай не дыскрымінаваць беларусаў. Па стане на раніцу 19 чэрвеня яе падпісала ўжо 140 чалавек, піша MOST.
Беларусы вырашылі скласці петыцыю пасля таго, як банк запатрабаваў ад беларускіх кліентаў да 26 чэрвеня прадставіць ВНЖ у Польшчы, іншай краіне ЕЗ, Еўрапейскай эканамічнай зоны ці Швейцарыі. Калі такога дакумента няма або яго тэрмін заканчваецца менш як праз год, кліенту абяцаюць закрыць доступ да інтэрнэт-і мабільнага банкінгу.
На думку беларускіх актывістаў, такія дзеянні парушаюць Канстытуцыю Польшчы. Яны спасылаюцца на пункт 2 артыкула 32, які абвяшчае, што ніхто не можа падвяргацца дыскрымінацыі ў палітычным, сацыяльным або эканамічным жыцці па якой-небудзь прычыне. “Блакіроўка з’яўляецца відавочнай дыскрымінацыяй па прынцыпе грамадзянства”, — гаворыцца ў петыцыі. Аўтары петыцыі падкрэсліваюць, што беларусы з’яўляюцца часткай польскай эканомікі: выплачваюць падаткі і робяць сацыяльныя адлічэнні.
Варшаўскі аэрапорт адкрывае новыя напрамкі
Варшаўскі аэрапорт імя Шапэна за травень абслужыў больш за 1,8 мільёна пасажыраў і прыняў больш за дзевяць тысяч тон грузаў. Гэта чарговы месяц росту і лепшы травень за 90-гадовую гісторыю польскага сталічнага аэрапорта.
У першыя дні чэрвеня польскія авіялініі LOT адкрылі два новыя рэйсы з аэрапорта Шапэна: у Эр-Рыяд і Арадзея. Рэйсы ў сталіцу Саудаўскай Аравіі выконваюцца тры разы на тыдзень. Палёты ў горад, размешчаны ў заходняй частцы Румыніі, будуць ажыццяўляцца чатыры разы на тыдзень. У бліжэйшы час у варшаўскім порце зʼявіцца новы перавозчык – Ethiopian Airlines. Пасажыры з Варшавы змогуць ляцець у Адыс-Абебу.
У сезоне лета-2024 сетка зносін з варшаўскага порта ўключае 123 напрамкі, піша Беларуская служба Польскага радыё.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: thetruestory.news.






