
Банкам дазволілі не прымаць для абмену некаторыя валюты. Змены ў правілы абмену валют набудуць моц у канцы кастрычніка, праз тры месяцы пасля афіцыйнага апублікавання дакумента.
Паводле зменаў касірам у абменных пунктах дазваляецца не купляць у фізічных асоб наяўную замежную валюту, попыт на якую з’яўляецца нязначным і афіцыйны курс беларускага рубля ў адносінах да якой вызначаецца Нацбанкам штомесяц. Спіс такіх валют вызначаецца асобнай пастановай рэгулятара. Напрыклад, цяпер у ім ёсць індыйская рупія, мангольскі тугрык, румынскі лей, алжырскі дынар, венгерскі форынт і іншыя.
Таксама дакумент дазваляе ўказваць курс валют на спецыяльным электронным табло, што многія банкі ўжо рабілі і раней. Але падкрэсліваецца, што інфармацыя на табло і інфармацыйных стэндах павінна быць аднолькавай. Банкі абавязкова павінны будуць папярэджваць кліентаў , па якім курсе прапануюць абмяняць валюту.
МТЗ хоча стварыць зборачную вытворчасць у В’етнаме
“Магчымасць арганізацыі зборачнай вытворчасці” ў В’етнаме разглядае Менскі трактарны завод, паведамляе тэлеграм-канал прадпрыемства. Адзначаецца, што на сустрэчы генеральнага дырэктара МТЗ Віталя Воўка, якая прайшла ў Менску, з кіраўніком в’етнамскай кампаніі New Atlantic international Trading J.SC Нгуенам Бао Тхі абмяркоўваліся бліжэйшыя перспектывы развіцця гэтага кірунку.
“Па выніках выпрабаванняў трактара Belarus 451 у В’етнаме наша прадпрыемства прапрацоўвае магчымасць зборкі гэтай мадэлі тэхнікі. Кампанія зацікаўленая ў зборцы трактароў для наступнай іх рэалізацыі не толькі на сваёй тэрыторыі, але і ў іншых краінах Паўднёва-Усходняй Азіі”, — заявілі на беларускім прадпрыемстве.
Кава падаражала да 45 працэнтаў
Цэны на каву на сусветных рынках значна выраслі. У некаторых выпадках рост па новых кантрактах перавышае 45 працэнтаў. Больш высокія цэны дзейнічаюць як на арабіку, так і на рабусту – два найбольш папулярныя гатункі кавы. На думку экспертаў, больш высокія цэны на каву з’яўляюцца вынікам кумуляцыі некалькіх фактараў, у тым ліку змяненне клімату, засуху і рост попыту ў некаторых частках свету.
Прафесар Конрад Рачкоўскі, дырэктар Цэнтра сусветнай эканомікі Універсітэта кардынала Стэфана Вышыньскага ў Варшаве, адзначыў у эфіры Польскага радыё, што спажыванне кавы ў Еўропе застаецца на пастаянным узроўні, а ў Кітаі расце на некалькі працэнтаў штогод, але гэта не апраўдвае цяперашняга росту сыравіны.
– Гэта, напэўна, звязанае з тым, што кампаніі настроіліся на большы прыбытак, але я мяркую, што праз некаторы час цэны на каву вернуцца да ранейшага ўзроўню.
Прафесар Рачкоўскі дадаў, што зніжэнне цаны на каву магчымае, калі не будзе надзвычайных зʼяваў, такіх як стыхійныя бедствы на плантацыях.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: rbc