BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У беларускіх крамах стане менш гарэлкі і пладовых вінаў

Вытворчасць гарэлкі і пладовых вінаў у Беларусі скароцяць у 2024 годзе. Квоты на выраб прадукцыі ўстанавіў Савет міністраў, адпаведная пастанова апублікаваная на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале, піша Tochka.by. Гарэлкі стане менш на 4,6%, а пладова-ягадных і мацаваных вінаў на 14,1%. З чым звязаныя такія змены, не паведамляецца. Затое будзе нарошчвацца выпуск менш папулярных напояў, напрыклад, рому, каньяку, тэкілы.

Дарэчы, у мінулым годзе беларусы выпілі 11,8 літра чыстага спірт у на душу насельніцтва. У разлік браліся ўсе, хто старэйшы за 15 гадоў. На працягу апошніх пяці гадоў гэты паказчык практычна не змяніўся.

Урад Беларусі працягнуў контрсанкцыі на тавары з “несяброўскіх краін”

Беларусь працягнула эмбарга на харчовыя тавары з так званых “несяброўскіх краін” да 31 снежня 2024 года. Такім чынам, урад яшчэ на адзін год працягнуў дзеянне адпаведнай пастановы. У спіс забароненых тавараў уваходзяць мяса буйной рагатай жывёлы, свініна, субпрадукты з хатняй птушкі, арэхі, яблыкі, малако, каўбасы ды іншае. У эмбарга некалькі разоў уносіліся змены. Да прыкладу, у чэрвені забаранілі імпарт піва і слабаалкагольных напояў з Літвы і Польшчы.

У спісе “несяброўскіх краін”, на тавары з якіх распаўсюджваецца эмбарга, – краіны Еўразвязу, ЗША, Канада, Нарвегія, Албанія, Ісландыя, Паўночная Македонія, Вялікая Брытанія, Чарнагорыя, Швейцарыя.

Продаж халадзільнікаў “Атлант” у Расею знізіўся на 20%

У Расеі ёсць праблемы з продажам беларускай бытавой тэхнікі. На гэта паскардзіўся пасол Беларусі ў Расеі Дзмітрый Крутой. Па словах дыпламата, попыт на беларускую тэхніку рэзка вырас у мінулым годзе, калі Захад увёў санкцыі пасля пачатку расейска-ўкраінскай вайны. Але ўсё сапсаваў расейскі кантрафакт — так званы “паралельны імпарт”.

“Быў пэўны ўсплёск паставак нашых халадзільнікаў, пральных машын, газавых, электрычных пліт летась на фоне геапалітычнай сітуацыі, яшчэ не раскручанага на той момант механізму паралельнага імпарту і пэўных пустых, скажам так, ніш і аб’ёмаў расейскага сегмента. Але сёлета працаваць стала ўжо значна цяжэй”, — перадае БЕЛТА словы Крутога.

Напрыклад, продаж халадзільнікаў “Атлант” сёлета знізіўся на 20%. Таксама Крутой паскардзіўся на канкурэнцыю з Турцыяй і Кітаем у расейскіх рэгіёнах.

Забяспечыць рынак беларускімі агуркамі не атрымалася

Урад не здолеў забяспечыць рынак беларускімі агуркамі. Міністр антыманапольнага рэгулявання і гандлю Аляксей Багданаў у эфіры тэлеканала СТБ паведаміў, што падчас цяперашняга міжсезоннага перыяду ў цяпліцах плануецца вырасціць больш за дзевяць тысяч тон агуркоў. Але гэта не забяспечвае патрэбы краіны. Паводле чыноўніка, ва ўмовах заходніх санкцый імпартаваць зімой патрэбны аб’ём агуркоў з шэрагу краін стала немагчыма, а калі купляць у Расеі — то гэта нятанна. Маўляў, там няма такога цэнавага рэгулявання, як у Беларусі, таму закупачная цана за 1 кг агуркоў вырасла ў Расеі да прыкладна 10 беларускіх рублёў. У беларускай розніцы такія агуркі будуць каштаваць ужо 15 рублёў за кілаграм. Пры гэтым у Беларусі закупачная цана — 5-6 рублёў, таму цана на прылаўку вагаецца прыкладна ў межах ад 7 да 8 рублёў.

У той жа час міністр прызнаў, што з прычыны нястачы давядзецца закупляць і дарагія расейскія агуркі, піша nashaniva.com.

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота з адкрытых крыніц.