BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У беларускіх санаторыях большасць іншаземцаў – гэта расейцы

У беларускіх санаторыях знізілася доля адпачывальнікаў з краін Еўразвязу, канстатаваў на прэс-канферэнцыі ў Менску дырэктар Рэспубліканскага цэнтра па аздараўленні і санаторна-курортным лячэнні насельніцтва Генадзь Балбатоўскі.

Фота: krynitsa.by (тэрыторыя санаторыя “Крыніца”)

“Санкцыйны ціск адбіўся, як і рыторыка нашых заходніх суседзяў. Тым не менш, паводле апошніх зводак, больш за сто грамадзян краін Балтыі знаходзіцца ў санаторыях, цягам 2023 года грамадзяне краін Еўразвязу адпачывалі ў беларускіх здраўніцах”, сказаў Балбатоўкі.

Агулам жа ў мінулым годзе, паводле яго, у беларускіх санаторыях пабывалі каля паўтара мільёна чалавек, у тым ліку 217,5 тысяч іншаземцаў. Выручка ад лячэння іншаземцаў склала 311 мільёна рублёў і вырасла на 26 працэнтаў. Сярод іншаземцаў, якія надалей едуць у беларускія санаторыі, 95 працэнтаў складаюць грамадзяне Расеі.

“Дачка” кампаніі Visa абмежавала пераводы ў Беларусь

Фінансавая платформа Currencycloud, якая належыць міжнароднай аплатнай сістэме Visa, абмежавала пераводы грошай у Беларусь. Дагэтуль платформа давала банкам і кампаніям паслугі па абмене валюты для трансгранічных плацяжоў, піша Office Life. Аднак у сувязі з абноўленай “палітыкай барацьбы з адмываннем грошай і патрабаваннямі праверкі санкцый” кампанія адмовілася атрымліваць і пераводзіць сродкі з некаторых краін. Яна тлумачыць, што вельмі сур’ёзна ставіцца да сваіх абавязкаў і, у адпаведнасці са сваёй палітыкай, вымушаная адмовіцца ад пераводаў у Беларусь.

У спіс краін, для якіх таксама сталі немагчымыя аперацыі на платформе, уключаныя: КНДР, Расея, Куба, Іран, Лівія, Судан, Паўднёвы Судан, Сірыя, Венесуэла і Казахстан. У ім таксама пазначаныя акупаваныя Крым, Данецкая, Херсонская, Луганская і Запарожская вобласці.

Сельская гаспадарка Беларусі губляе работнікаў

У аграсектары падвялі кадравыя вынікі года і выявілі, што сектар страціў 7,4 тысячы чалавек. На працу цягам 2023 года прынялі 73,9 тысячы чалавек, а звольнілі 81,3 тысячы. Пра гэта піша рэсурс Вanki24.

Паказальная іншая лічба. За мінулы год з прадпрыемстваў галіны за прагулы і іншыя парушэнні дысцыпліны звольнілі больш за 10 тысяч чалавек. Для параўнання: з прадпрыемстваў усіх сфер беларускай прамысловасці з такой жа прычыны звольнілі не нашмат больш — 11,5 тысяч чалавек.

Лідары ЕЗ дамовіліся пра выдзяленне Украіне 50 млрд еўра

Рада Еўропы падтрымала выдзяленне Украіне 50 млрд еўра ў межах перагляду доўгатэрміновага бюджэту Еўразвязу. Пра гэта паведаміў старшыня Рады Еўропы Шарль Мішэль. “Гэта забяспечвае ўстойлівае, доўгатэрміновае і прадказальнае фінансаванне для Украіны. ЕЗ бярэ на сябе лідарства і адказнасць у падтрымцы Украіны. Мы ведаем, што пастаўлена на карту”, – дадаў ён.

Беларускае Радыё Рацыя