У межах агульнапольскага страйку фермераў у Беластоку ля ваяводскай управы каля 200 трактароў перакрылі частку вуліцы Міцкевіча.
Да маніфестантаў выйшла намесніца ваяводы Ева Кулікоўска, якая выслухала патрабаванні фермераў Падляшша:
– Гэта для таго каб слухаць – гэта такі злучальнік, каб было бліжэй і да міністэрства, і да фермера. Гэта датычыць не толькі збожжа з Украіны, бо не ўрэгулявана гэтая сітуацыя. Часам транспарты пазначаны як тэхнічныя, няма патрэбнага кантролю. Вязуць не толькі збожжа, напрыклад, цукер. Трэба каб міністэрства на граніцы праводзіла дадатковы кантроль. Спадзяюся, мы наладзілі дыялог паміж сабой. Напэўна ён працягнецца ў форме нейкай канферэнцыі, спаткання ў большай групе.
Асноўныя прычыны маніфестацыі як у Беластоку, так і па ўсёй Польшчы, выказаў арганізатар, фермер Дарыюш Ціханоўскі:
– Пратэстуем супраць наплыву тавараў з Украіны. У іх вельмі нізкія цэны. Украіна – гэта гаспадарства вялікіх канцэрнаў, мы не можам з імі канкураваць. У Польшчы сельская гаспадарка дробная. Палітыкі гавораць, што гэтае збожжа павінна трапіць да Афрыкі. А гэтае збожжа фактычна трапляе да Еўропы. У нас на Падляшшы слабая зямля, а ўсе ведаюць, што на Украіне лепшая зямля на свеце.
Страйк фэрмэраў у Польшчы працягнецца да 19 лютага. Адпаведная маніфестацыя будзе паўторана ў Беластоку ў пятніцу, 16-га лютага.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя