BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У “Белавія” няма праблем з запчасткамі для самалётаў?

У “Белавія”, нягледзячы на санкцыі, няма праблем з запаснымі часткамі, кампанія ў стане забяспечыць бяспеку палётаў. Пра гэта ў эфіры тэлеканала “Беларусь 1” заявіў гендырэктар авіякампаніі Ігар Чаргінец. З яго слоў, пры абслугоўванні або рамонце самалётаў ставяць “тыя ж запчасткі”, якія ставілі і тры, і пяць гадоў таму.

“Безумоўна, гэта ўсё тыя ж запчасткі, кампаненты цалкам арыгінальныя. Як мы гэта робім — гэта іншае пытанне. Наколькі для нас гэта стала даражэйшым, наколькі змянілася лагістыка — гэта іншыя пытанні”, — адзначыў Чаргінец. Для спажыўца, для якога ў першую чаргу важная бяспека, нічога, са слоў кіраўніка “Белавія”, не змянілася.

Раней у супольнасці былых сілавікоў Беларусі BYPOL расказалі, што запчасткі для самалётаў “Белавія” здымаюць з самалётаў, якія цяпер не лётаюць, або заказваюць з трэціх краін без суправаджальных дакументаў. (euroradio.fm)

Заробкі ў Беларусі адстаюць ад большасці краін ЕАЭС

Сярэдні заробак у студзені – сакавіку павялічыўся ва ўсіх дзяржавах ЕАЭС у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Пры гэтым пры пераліку ў даляры беларускія заробкі аказваюцца ніжэйшыя, чым у Расеі, Казахстане і Арменіі. Абганяюць яны толькі заробкі ў Кыргызстане, піша праект «Вашы грошы». Сярэдняя намінальная заработная плата за студзень – сакавік гэтага года ў Беларусі склала 643 даляры, а да прыкладу, у Казахстане – 849 даляраў, у Расеі – 888 даляраў.

Беларусам прапануюць аўтобусныя туры ў Грузію

Беларусы ў гэтым годзе, як і раней, могуць адпачыць у Грузіі, выправіўшыся ў аўтобусны тур. Такі выезд працягласцю 14-16 дзён уключае 8-10 начэй адпачынку на моры. Астатнія дні – дарога і экскурсіі.

Звычайна першая начоўка пасля выезду з Менска адбываецца ў раёне Варонежа. Потым турысты прыбываюць у Тбілісі, дзе начуюць і праводзяць дзень у экскурсіях па горадзе. На наступны дзень яны прыбываюць у Кабулеці або Батумі. Сярэдні кошт такога туру складае 340-450 даляраў на чалавека. Тур з поўным пансіёнам абыдзецца ў 600 даляраў. Можна набыць адпачынак і за 280 даляраў, але без экскурсійных пакетаў. (reform.news)

Вялізны транспартны тунэль паўстае пад Балтыйскім морам

Хоць сам праект па будаўніцтве падводнага тунэлю паміж Даніяй і Нямеччынай стартаваў яшчэ ў 2020 годзе, але працы на дне мора пачаліся адносна нядаўна, і 17 чэрвеня быў здадзены першы ўчастак.

Як паведамляе CNN, агульная працягласць тунэлю, які атрымаў назву Фемарнбельцкі, складае 18 кіламетраў. Ён саступае па працягласці 50-кіламетроваму тунэлю пад Ла-Маншам, але па складанасці можа яго пераўзысці.  Калі тунэль паміж Англіяй і Францыяй пракладалі метадам свідравання, то тут гатовыя сабраныя канструкцыі будуць апускаць у ваду па прынцыпе кладкі трубаправода на глыбіню да 40 метраў. Абыдзецца ўсё гэта «задавальненне» у  $7,1 млрд (тунэль пад Ла-Маншам каштаваў амаль удвая даражэй). Тэрмін завяршэння будаўніцтва – 2029 год.

Тунэль будзе адначасова чыгуначным і аўтамабільным. Калі зараз дабрацца з Германіі ў Данію на пароме можна за 45 хвілін, то на цягніку гэта зойме ўсяго 7 хвілін, а на машыне – 10 хвілін. (Office Life)

Беларускае Радыё Рацыя.

Фота: lada.kz