BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Берасці зробяць хаб па продажы тавараў з Кітая

Увесну гэтага года ў Берасці пачнуць працу над хабам па продажы кітайскіх тавараў, паведаміла прэс-служба Берасцейскага гарвыканкама.

Фота: virtualbrest

Пляцоўкай для хабу абраны “Брэстмаш” — вытворца тэхналагічнага абсталявання для прадпрыемстваў розных галін. У пачатку лютага першы намеснік старшыні гарвыканкама Юрый Клімаховіч і кіраўніцтва ААТ “Брэстмаш” правялі прадметныя перамовы адносна гэтага з прадстаўнікамі кітайскіх кампаній. Плануецца, што ў хабе будуць самыя розныя тавары: пачынаючы ад упрыгожванняў для ялінкі і заканчваючы прадукцыяй аўтапрама. На атрыманыя грошы кітайскі бок будзе імпартаваць з Беларусі мяса і малочныя прадукты.

Паводле звестак Галоўнага мытнага ўпраўлення Кітая, за студзень — лістапад 2023 года Беларусь паставіла ў гэту краіну малочнай прадукцыі амаль на 53 млн даляраў. Больш за ўсё экспартуецца туды сухога малака, піша НН.

Дзе ў Расеі працуюць беларускія будаўнікі

Беларускія будаўнікі актыўна працуюць на аб’ектах у Расеі. Напрыклад, яны задзейнічаны ва ўзвядзенні партовай інфраструктуры ў пасёлку Усць-Луга ў Кінгісепскім раёне Ленінградскай вобласці. Пра гэта піша БелТА са спасылкай на першага намесніка міністра архітэктуры і будаўніцтва Алега Швеца. Таксама беларускія спецыялісты будуюць дзве школы ў Ніжнім Ноўгарадзе, адну – у Суздалі Уладзімірскай вобласці, працуюць на прамысловых аб’ектах у Краснадарскім краі.

У 2023 годзе беларусы ўдзельнічалі ў будаўніцтве навучальнага комплексу ў Варонежы пад назвай Садружнасць. Ён самы буйны ў Расеі і разлічаны на тры тысячы школьнікаў.

Найбольш шакаладу Беларусь экспартуе ў Расею

Журналісты myfin.by вывучылі статыстыку па шакаладзе. Так у 2021 годзе экспарт шакаладу ды іншых прадуктаў з какавай прынёс Беларусі больш за 108 мільёнаў даляраў, што перавысіла пастаўкі папярэдняга года на 18,5 працэнтаў у натуральным выражэнні і амаль на 37 працэнтаў – у вартасным.  Пры гэтым асноўным рынкам збыту была Расейская Федэрацыя, экспарт у якую склаў амаль 81 мільён даляраў. На другім месцы была Украіна, на трэцім – Кітай. 

Пачынаючы з 2022 года і Расея, і Беларусь, не публікуюць падрабязную таварную статыстыку. Але ў пачатку бягучага года самыя буйныя беларускія вытворцы шакаладнай прадукцыі “Камунарка” і “Спартак” паведамлялі, што адгружаюць сваю прадукцыю на рынкі Расеі, Кітая, Узбекістана і шэрагу іншых краін Сярэдняй Азіі. Таксама летась беларускі шакалад пастаўляўся ў Арменію, ЗША, Ізраіль, Азербайджан і Малдову.

Еўропа не замерзла. Цэны на газ упалі да мінімуму з ліпеня 2023 года

Газ у Еўропе таннее. Газ на біржы ў Еўропе таргуецца ніжэй за 300 даляраў за 1 тысячу кубаметраў, у параўнанні са жніўнем 2022 года, калі цана дасягала 2400 даляраў. З пачатку бягучага года біржавыя цэны на газ у Еўропе ўпалі прыкладна на 20%.

Біржавыя цэны на газ у Еўропе зніжаюцца на фоне прагнозаў больш цёплага надвор’я ў рэгіёне і аднаўлення паставак нарвежскага газу пасля перабояў на мінулым тыдні, а таксама на фоне высокага роўню запасаў у падземных сховішчах газу ў рэгіёне. Запаволенне прамысловай актыўнасці, асабліва ў еўразоне, аказала дадатковы ціск на цэны, піша НН.

Беларускае Радыё Рацыя.