BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У эканоміцы Кітая назіраецца “заганнае кола” праблем

Кітайская эканоміка сутыкнулася з празмернасцю магутнасцяў і зніжэннем попыту, з-за чаго кампаніі зніжаюць кошты, адкладаюць інвестыцыі і звальняюць супрацоўнікаў, што яшчэ больш стрымлівае выдаткі, а пакупнікі адкладаюць пакупкі ў чаканні далейшага падзення коштаў. Аб гэтым піша Wall Street Journal, называючы тое, што адбываецца хаосам.

“Гэта становіцца заганным колам”, – ацэньвае Пенелопа Прайм, дырэктар-заснавальнік аналітычнага Кітайскага даследчага цэнтра.

У лістападзе кошт кітайскай прадукцыі ўпаў на 2,5% у параўнанні з лістападам 2023-га, зніжэнне працягваецца 26 месяцаў запар.

Дэфлятар ВУП, які адлюстроўвае дынаміку коштаў у розных сектарах, знаходзіцца ў адмоўнай зоне шэсць кварталаў запар, гэта самы працяглы перыяд з канца 1990-х гадоў.

Індэкс спажывецкіх коштаў вырас у лістападзе ўсяго на 0,2% год да году (у ЗША – 2,7%), гэты паказчык значна ніжэй за ўзровень 2%, які лічыцца экспертамі нармальным для эканомікі узроўнем.

Падчас мінулых перыядаў дэфляцыі Кітай ішоў на радыкальныя меры: пасля азіяцкага фінансавага крызісу канца 1990-х, калі кошты падалі 31 месяц запар, улады прынялі суровыя захады, у выніку якіх многія дзяржаўныя прадпрыемствы закрыліся ці правялі масавыя звальненні.