BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У I-ым квартале году працоўная сіла ў Беларусі склала 4,963 мільёна чалавек

У першым квартале бягучага году колькасць працоўнай сілы ў Беларусі склала 4,963 мільёна чалавек — гэта звесткі Белстата. Сярод іх каля 4,801 мільёна — гэта занятыя ў эканоміцы, яшчэ 161,9 тысячы чалавек — беспрацоўныя, паведамляе banki24.by.

Астатняе насельніцтва не ўвайшло ў працоўную сілу. Іншымі словамі, гэтыя людзі не мелі сталага занятку (працы) і па розных чынніках не знаходзіліся ў актыўным пошуку працы.

У 1 квартале ў склад працоўнай сілы не ўвайшлі 2,147 млн. чалавек. Сярод іх не жадалі працаваць 1,908 млн. чалавек, жадалі працаваць – 239,3 тыс. чалавек.

Асноўная колькасць людзей, якія не трапілі ў рабочую сілу, адносілася да пенсіянераў. У 1 квартале колькасць пенсіянераў, якія не жадалі працаваць, ацанілі ў 1,336 млн. чалавек.

Сярод 488,1 тыс. не жадаючых працаваць 41,0 тыс. прыпадала на пенсіянераў, а 302,1 тыс. – на вучняў у дзённай форме атрымання адукацыі. Выходзіць, было яшчэ 145,0 тыс. чалавек, якія не жадалі працаваць і не з’яўляліся ні студэнтамі, ні пенсіянерамі.

Разам з тымі, хто хацеў працаваць, але не мог пачаць, гэтая група і складае так званую базу «дармаедаў». Выходзіць, у суме іх 336,4 тысячы чалавек, або 6,78% ад усёй колькасці працоўнай сілы.

Нагадаем, што паводле новых правілаў база «дармаедаў» у Беларусі абнаўляецца кожны месяц. У яе ўключаюць у тым ліку тых, хто пакінуў краіну больш, чым на месяц, а таксама прадпрымальнікаў, якія не плацяць пэўную суму падаткаў.

Беларусы, якія трапілі ў базу і з’яўляюцца ўласнікамі жылля, вымушаныя аплачваць «камуналку» па максімальных тарыфах.