BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У якіх абласных цэнтрах самае таннае жыллё

Самы танны сярэдні квадратны метр пры набыцці кватэры – у Гародні, а самы дарагі – у Менску. Realt.by на падставе дадзеных рэальных угодаў і базы абвестак склаў рэйтынг буйных гарадоў Беларусі па даступнасці жылля.

Фота: dom.demarsh.by (адна з вуліц Берасця)

Так, у Гародні ў верасні цэны абваліліся на 14,4% за аднапакаёвыя кватэры, і прыкладна на 7-9% на двух- і трохпакаёвыя. У выніку сярэдняя цана квадратнага метра склала 685 даляраў.

На другім месцы аказаўся Віцебск, там цана «квадрата» – 728 даляраў, далей ідзе Гомель і 751 даляр за «квадрат». У Магілёве, не зважаючы на больш нізкі ўзровень даходаў, жыллё каштуе даражэй – 793 даляры за квадратны метр, гэты кошт за год вырас больш як на 12%. У Берасці цэны выраслі на 7,5 працэнтаў да 1044 даляраў. І самы дарагі – Менск, дзе квадратны метр жылля каштуе 1580 даляраў.

Распрацоўшчык кампутарных гульняў Lesta Games цалкам русіфікуецца

Распрацоўшчык кампутарных гульняў Lesta Games, які выдае ў Расеі і Беларусі гульні «Свет танкаў» і «Свет караблёў», правёў рэбрэндынг і перайшоў на расейскамоўны лагатып. Цяпер кампанія называецца «Леста Игры». У кампаніі патлумачылі гэтае рашэнне тым, што яны – расейская кампанія, таму гэта лагічна, што назва і лагатып павінны быць расейскамоўнымі. Таксама там заявілі, што разглядаюць для сябе рынак Расейскай Федэрацыі як прыярытэтны напрамак працы.

Як прыгадвае «Люстэрка», вясной 2022 года буйны распрацоўшчык гульняў Wargaming прадаў бізнес у Расеі і Беларусі сваёй былой расейскай даччынай кампаніі – студыі Lesta Games з Санкт-Пецярбурга. Гэтая студыя атрымала права выпускаць гульні Wargaming у абедзвюх краінах і правяла рэбрэндынг. Сам жа распрацоўшчык Wargaming ужо больш за два гады ахвяруе сродкі на дапамогу Украіне.

У Польшчы прапануюць увесці новы выходны дзень на Вігілію

Вігілія – свабодным ад працы днём? Гэтага хочуць Левыя сілы Польшчы, а міністр па справах сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі Агнешка Дземяновіч-Бонк агучыла падрыхтоўку адпаведнага законапраекта, піша «Беларуская служба Польскага радыё».

Прапанова Левых сілаў выклікала розныя рэакцыі грамадскай думкі ў Польшчы, у тым ліку таксама падзяліла экспертаў. Прапанову раскрытыкаваў галоўны эканаміст Федэрацыі польскіх прадпрымальнікаў Лукаш Казлоўскі:

– Калі гаворка ідзе пра згаданы праект, то гэта сведчыць пра несур’ёзнае стаўленне да грамадзян і прадпрымальнікаў. Нам прапануюць дыскусію пра дадатковы свабодны ад працы дзень на два месяцы да яго магчымага ўвядзення. Нагадваю, кампаніі маюць ужо запланаваную лагістыку, графікі паставак і працы супрацоўнікаў. Ніхто не ўзяў пад увагу таксама абмежаванняў, якія вынікаюць з правіл працоўнага часу.

Беларускае Радыё Рацыя