Беларускія нафтавікі здабылі ў 2024 годзе 1938 тысяч тон нафты. Прычым, у кампаніі адзначаюць, што больш за 10% здабыта з новых свідравін.

Напярэдадні навагодніх свят у “Беларуснафце” казалі, што з новых свідравін у 2024 годзе ўдалося здабыць 203 тыс. тон сыравіны, што з’яўляецца беспрэцэдэнтна высокім вынікам. Акрамя таго, у кампаніі адзначылі рост разведаных запасаў нафты. Іх прырост за год упершыню за 40 гадоў перавысіў гадавы ўзровень нафтаздабычы больш як на 700 тысяч тон.
Раней паведамлялася, што “Беларуснафта” будзе шукаць нафту ў Гомельскай вобласці сумесна з “Раснафтай”. (Office Life)
У Расеі змагаюцца з нелегальнымі цыгарэтамі з Беларусі
У РФ паступае каля 600 мільёнаў пачкаў “з дапамогай фіктыўных транзітных перавозак”. Шкода, нанесеная бюджэту з-за такіх схем, ацэньваецца ў 58,5 млрд рублёў (амаль $600 млн) штогод. Пра гэта паведаміў ТАСС прэзідэнт Асацыяцыі малафарматнага гандлю Уладлен Максімаў.
Мяркуецца, што больш за 90% транзітных перавозак цыгарэт з Беларусі з’яўляюцца фіктыўнымі — замест дастаўкі ў іншыя краіны іх разгружаюць і рэалізуюць у Расеі. Расейцы спрабуюць вырашыць гэтую праблему. З 27 студзеня пачалі дзейнічаць патрабаванні па абавязковым выкарыстанні навігацыйных пломбаў для перавозак тытунёвай прадукцыі паміж Беларуссю і РФ. Новаўвядзенне дазваляе адсочваць дакладнае месцазнаходжанне партый цыгарэт, фіксаваць спробы ўскрыцця грузу або змены маршруту. У Расеі спадзяюцца, што гэта спыніць “крымінальную карусель”.
На мяжы Беларусі з Польшчай “захраслі” цыстэрны з газам
Польская мытня не прапускае з Беларусі праз мяжу чыгуначныя цыстэрны са звадкаваным газам з Казахстана. Паводле звестак money.pl, на беларуска-польскай мяжы “захраслі” больш за сто цыстэрнаў. Яны мусілі дабрацца да еўрапейскіх спажыўцам яшчэ пад канец снежня 2024 года. Праблемы з пастаўкамі ўзніклі праз эканамічныя санкцыі, уведзеныя Еўразвязам.
Польскія мытнікі асцерагаюцца, што пад выглядам казахстанскага ў Еўропу можа пастаўляцца расейскі звадкаваны газ. Паводле інфармацыі СМІ, затрымка ўжо справакавала дэфіцыт чыгуначных цыстэрнаў у Казахстане.
Пенсіянеры атрымаюць прыбаўку
З 1 лютага вырастуць працоўныя пенсіі — у сярэднім на 10%. Нагадаем, раней міністр працы і сацыяльнай абароны Наталля Паўлючэнка анансавала, што ў 2025 годзе пенсіі вырастуць на 15%. У канцы студзеня ўлады павінныя агучыць, як з 1 лютага зменяцца мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пенсіі. Іх пераглядаюць раз на квартал, іх памер прывязаны да бюджэту пражытачнага мінімуму. Да прыкладу, сацпенсія цяпер складае 218,9 рубля.
З наступнага месяца таксама падымуць дапамогі па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да трох гадоў. Гэта планавы перагляд памеру дапамог у залежнасці ад змянення сярэдняй зарплаты па краіне за папярэдні квартал. З 1 лютага таксама павінны перагледзець памер аднаразовых выплат у сувязі з нараджэннем дзіцяці. (news.zerkalo.io)
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: t.me/Belorusneft_official






