За кастрычнік 2024 года ў Беларусі прададзена амаль 5 тыс. новых машын, што з’яўляецца новым рэкордам продажу сёлета. Пра гэта гаворыцца ў паведамленні Аўтамабільнай асацыяцыі “БАА”.
Адносна верасня 2024 года продажы легкавых аўтамабіляў у кастрычніку выраслі на 669 адзінак. У параўнанні з кастрычнікам 2023 года рэалізацыя новых легкавых аўтамабіляў вырасла больш як у 2 разы. Сумарны рост продажаў новых легкавых аўтамабіляў за 10 месяцаў 2024 года адносна аналагічнага перыяду 2023 года склаў 2,3 раза.
Лідарамі продажаў з’яўляюцца маркі Belgee і Geely, на долю якіх па выніках бягучага года прыпадае 51% продажаў новых легкавых аўтамабіляў кампаніямі – удзельнікамі БАА.
«Сярод новых мадэляў, якія дэманструюць добры старт продажаў у кастрычніку 2024 года, варта адзначыць электракары Geely E8 і Dongfeng Box. У цэлым па выніках 10 месяцаў 2024 года продажы новых аўтамабіляў упэўнена наблізіліся да паказчыкаў аналагічных перыядаў 2018 і 2020 гадоў, пераадолеўшы аб’ёмы продажаў 2021 года», – пракаментаваў Сяргей Самойла, выканаўчы дырэктар аўтамабільнага холдынгу Атлант-М, чалец праўлення БАА.