Кітай заявіў, што гатовы да любых “нечаканых узрушэнняў”. Заява прагучала напярэдадні ўвядзення новых пошлін прэзідэнта ЗША Дональда Трампа.

Выданне Financial Times піша, што прэм’ер Дзяржсавета КНР Лі Цян, які адказвае за эканоміку краіны, заявіў, што нявызначанасць і нестабільнасць растуць, але Кітай абярэ “правільны шлях” глабалізацыі і шматбаковых адносін.
“Мы рыхтуемся да магчымых нечаканых узрушэнняў, якія, вядома, у асноўным зыходзяць ад знешніх крыніц”, – сказаў Лі.
Чакаецца, што ЗША увядуць дадатковыя пошліны на імпарт з Кітая 2 красавіка. Асцярожны тон кітайскага прэм’ера прагучаў на фоне спроб Пекіна палепшыць настроі спажыўцоў і інвестараў, а таксама падрыхтоўкі патэнцыйных мер у адказ на будучыя пошліны і санкцыі ЗША.
Адзначаецца, што Лі, як чакаецца, сустрэнецца са Стывам Дэйнсам, сенатарам-рэспубліканцам ад штата Мантана, які вельмі блізкі да Трампа. Дэйнс у суботу сустрэўся з віцэ-прэм’ерам Хэ Ліфэнам.
У офісе Дэйнса заявілі, што ён выкарыстаў сустрэчу з Хэ, каб паўтарыць заклік Трампа да Кітая спыніць пастаўкі хімікатаў, якія выкарыстоўваюцца для вытворчасці фентанілу. Сенатар выказаў надзею, што далейшыя перамовы на высокім узроўні паміж ЗША і Кітаем адбудуцца ў найбліжэйшай будучыні.