Яшчэ ў гэтым годзе праз порт у расейскім Архангельску пачнуць эксперыментальныя пастаўкі беларускай прадукцыі ў Кітай. Тавары будуць дастаўляць па новым маршруце «Арктычны экспрэс», які запусцілі ў мінулым годзе.

Па гэтым калідоры праз Паўночны марскі шлях кітайскія тавары дастаўляюць у порт Архангельску, адкуль чыгункай развозяць па іншых рэгіёнах Расеі. Таксама праект працуе з расейскім экспартам у адваротным напрамку. Цяпер плануецца выканаць такім жа чынам комплексную пастаўку беларускай прадукцыі: дошак, прадуктаў харчавання і цэлюлозы, піша Office Life.
У маршрута па Паўночным марскім шляху ёсць навігацыйны перыяд, які доўжыцца з красавіка па кастрычнік. У верасні мінулага года ў Беларусь прыбыў першы груз, які стартаваў з порта Шанхая праз Чукоцкае мора і прыбыў у порт Санкт-Пецярбурга, адтуль – у Магілёў. Шлях заняў 35 дзён.
У Беларусі ашалела інфляцыя
Гадавая інфляцыя ў Беларусі ў сакавіку дасягнула 5,9%, а месячная — 0,8% да лютага. Гэта вынікае са звестак Белстата.
Больш за ўсё ў сакавіку падаражэлі харчовыя тавары — на 1,2% да лютага і на 7,5% да сакавіка мінулага года. Нехарчовыя тавары выраслі ў цане за месяц на 0,4%, а за год — на 3,2%. Цэны на паслугі ў сярэднім у сакавіку павялічыліся на 0,5%, а адносна леташняга сакавіка — на 6,6%.
Як нагадвае news.zerkalo.io, улады планавалі, што па выніках гэтага года інфляцыя не перавысіць пяці працэнтаў.
Увага на тавары з Азіі: могуць быць небяспечныя рэчывы
Амаль 60 працэнтаў тавараў з азіяцкіх гандлёвых пляцовак могуць уяўляць небяспеку для здароўя чалавека – папярэджвае польская Федэрацыя спажыўцоў. Гэтая няўрадавая арганізацыя правяла праверку 29 тавараў, якія купіла ў двух найбуйнейшых інтэрнэт-крамах Азіі. Федэрацыя закупляла ў асноўным адзенне і ўпрыгожванні. Сярод іншага, выяўлены павышаны ўзровень цяжкіх металаў і іншыя рэчывы, якія выклікаюць алергію і нясуць сур’ёзную пагрозу для здароўя.
Паводле звестак Еўракамісіі, кожны дзень на еўрапейскі рынак трапляе 12 мільёнаў партый тавараў з азіяцкіх гандлёвых пляцовак. Пры такіх маштабах закупак цяжка ўсё праверыць, піша polskieradio.pl.
Амерыканская біржа надалей у чырвоных колерах
Фінансавыя рынкі ў ЗША зноў рэагавалі спадам, не зважаючы на рашэнне Дональда Трампа аб часовым устрыманні ад новых пошлін у дачыненні да большасці краін. Пры гэтым рост індэксу VIX, які часта называюць «паказальнікам страху» на Wall Street, гаворыць пра няўпэўненасць удзельнікаў рынку ў эканамічнай сітуацыі. Калі індэкс VIX расце, на рынку пануе разгубленасць і хаос. Інвестары непакояцца, што пошліны Трампа прывядуць да эскалацыі гандлёвага напружання, парушэння глабальных ланцужкоў паставак і патэнцыйнага росту цэн на імпартаваныя тавары, што ў выніку паўплывае на ўзровень інфляцыі ў штатах.
На Варшаўскай біржы больш устойлівая сітуацыя, тым не менш працягваецца ліквідацыя страт пасля апошняга падзення на фоне мытнай палітыкі Трампа.
Беларускае Радыё Рацыя.
Фота: portsinfo (порт Архангельск).