Перанос тэрміну правядзення так званых “выбараў” у Беларусі звязаны ў тым ліку з сітуацыяй у эканоміцы. Так мяркуе палітык і бізнес-блогер Аляксандр Кныровіч.

Ён лічыць, што калі ў пачатку 2025 года сітуацыя яшчэ будзе добрай, то ўжо ў красавіку рост эканомікі будзе каля нуля:
– Мы будзем бачыць іншы стан беларускай эканомікі. Там таксама будзе рост, але гэта будзе рост каля 0%. І гэта бачна са статыстыцы гэтага году. У першым паўгоддзі мы мелі амаль кітайскі прырост 5.5%, але ўжо ў астатнія пяць месяцаў мы бачым, як усё спынілася. Як яно прагназавалася і дзяржаўнымі, і недзяржаўнымі эканамістамі. У другім паўгоддзі цалкам спыніўся рост.
Ненатуральнае стымуляванне эканомікі ў Расеі за кошт бюджэтных выдаткаў на вайну, і ў Беларусі за кошт спекулятыўнага росту заробкаў – мае свой тэрмін, кажа Аляксандр Кныровіч. Ён дае свой прагноз далейшага развіцця сітуацыі:
– Таму ў наступным годзе мы, па-першае, убачым амаль нулявы рост ВУП, мы пабачым спыненне даходаў насельніцтва, мы пабачым вялікую інфляцыю, таму што ёсць назапашаныя праблемы з інфляцыяй і, канешне, любімы паказчык беларусаў – гэта рост курсу даляра. У яго ёсць яшчэ патэнцыял.
І хоць эканоміку Беларусі не чакае рэзкае падзенне і востры крызіс, тым не менш тэндэнцыі будуць адмоўныя, дадае эксперт.
Беларускае Радыё Рацыя






