BY
PL
EN

Беларускае Радыё Рацыя. 98,1 FM – Беласток, Гародня. 99,2 FM – Берасце

Радыё ONLINE

У Латвіі падлічылі нерухомасць, якая належыць Беларусі і Расеі

Беларусі ў Латвіі належыць 15 аб’ектаў нерухомасці, а Расея валодае 16 аб’ектамі.

У пералік беларускіх аб’ектаў уваходзіць санаторый “Беларусь” у Юрмале, які знаходзіцца пад санкцыямі і на гэты момант зачынены для наведвальнікаў. Там жа размешчаны яшчэ два драўляныя дамы, якія належаць Беларусі. Дзе знаходзяцца астатнія аб’екты не называецца, але вядома, што прынамсі два з іх месцяцца ў Рызе. Гаворка ідзе пра аб’екты, якія выкарыстоўваюцца дыпламатычнымі і консульскімі прадстаўніцтвамі.

Тытунёвая фабрыка «Нёман» скараціла прыбытак

“Гарадзенская тытунёвая фабрыка “Нёман” у 2023 годзе скараціла выручку і прыбытак. Такія дадзеныя ўтрымлівае гадавая справаздача прадпрыемства, размешчаная на Адзіным партале фінансавага рынку.

Так, выручка фабрыкі ў мінулым годзе скарацілася на 13,4 працэнта і склала крыху больш за 342 мільёны рублёў. Прыбытак ад рэалізацыі скараціўся больш як на 17 працэнтаў, прыбытак ад бягучай дзейнасці скараціўся на 27 працэнтаў. Чысты прыбытак тытунёвага прадпрыемства спаў на 13 працэнтаў да 88 мільёнаў рублёў.

Першыя пяць беларускіх электрамабіляў выпусцяць да восені

Выпуск першай вопытна-вытворчай партыі беларускіх электрамабіляў запланаваны на жнівень-верасень бягучага года. Далей машыны будуць выпрабоўваць. Пасля гэтага да канца года плануецца запусціць серыйную вытворчасць электрамабіляў. Пра гэта паведаміў намеснік прэм’ер-міністра Пётр Пархомчык. Пры гэтым віцэ-прэм’ер звярнуў увагу на тое, што пакуль выкарыстанне батарэі для беларускіх электрамабіляў — пад пытаннем.

“У жніўні наша Нацыянальная акадэмія навук павінна даць справаздачу аб арганізацыі вытворчасці першай беларускай батарэі, якую мы таксама да канца года павінны пачаць выпрабоўваць”, — паведаміў Пархомчык.

Самы паспяховы бізнесмен Беларусі стаў даляравым мільярдэрам

Кошт расейскіх і беларускіх актываў, якія належаць Аляксандру і Наталлі Луцэнка, перавышае 2 млрд даляраў, піша Forbes. Муж і жонка валодаюць холдынгам “Садружнасць”. Гэта адзін з найбуйнейшых перапрацоўшчыкаў насення алейных культур у Еўропе з выручкай 3,6 млрд даляраў. Па дадзеных Forbes, Аляксандр і Наталля Луцэнка фактычна падзялілі бізнес на тры часткі. Яны пакінулі за сабою кантроль у расейскіх і беларускіх прадпрыемствах і прадалі топ-мэнаджарам кампанію, якая валодае міжнароднымі актывамі. “Улічваючы, што муж і жонка Луцэнка ў роўных долях валодалі групай “Садружнасць”, маёнтак кожнага з іх складае не менш за 1 млрд даляраў”, — піша Forbes.

Раней выданне “Беларусы і рынак” склала топ-100 паспяховых бізнесменаў Беларусі па выніках 2023 года. Першы радок рэйтынгу заняў Аляксандр Луцэнка, які некалькі гадоў таму асеў у Расеі. (паводле “Люстэрка”).

Беларускае Радыё Рацыя