Міністэрства юстыцыі Латвіі працягвае шукаць рашэнні, якія дазволяць вярнуць ва ўласнасць дзяржавы санаторыі “Бурштынавы бераг” і “Беларусь”, якія належаць Расеі і Беларусі.

Пра гэта паведамляе LETA. Раней у Латвіі быў падрыхтаваны законапраект аб перадачы ва ўласнасць дзяржавы “Дома Масквы”. Аднак зазначаецца, што рашэнні для санаторыяў павінны быць іншымі. Цяпер здраўніцы не працуюць, акрамя таго, у іх не выяўлена дзейнасці, якая прадстаўляе пагрозу нацыянальнай бяспецы, што з’яўляецца адной з падстаў для адчужэння “Дома Масквы”.
У Мінюсце заявілі, што для пераняцця ўласнасці неабходна цвёрдае юрыдычнае абгрунтаванне, каб рашэнне не было аспрэчана ў судзе. Латвійскае ведамства працягвае пошук прававых рашэнняў для адчужэння санаторыяў, піша reform.by.
Данія закрыла следства па справе “Паўночных патокаў”
Дацкая паліцыя аб’явіла пра спыненне расследавання выбухаў на газаправодах “Паўночны паток”. Пра гэта гаворыцца ў апублікаванай заяве паліцыі Капенгагена і Службы паліцэйскай разведкі. У заяве гаворыцца, што на падставе расследавання можна зрабіць выснову пра наўмысны сабатаж. Аднак пры гэтым паліцыя лічыць, што неабходных падстаў для крымінальнай справы няма. Паліцыя адмовілася прадастаўляць іншыя каментары наконт справы. Раней у Швецыі таксама было спыненае расследаванне дыверсій. Следства прыйшло да высновы, што справа знаходзіцца па-за шведскай юрысдыкцыяй. Матэрыялы, сабраныя шведскай пракуратурай, перададзены ў Германію, дзе расследаванне яшчэ працягваецца.
Газаправоды “Паўночны паток” і “Паўночны паток-2”, якія ідуць з Расеі ў Германію, былі пашкоджаны ў канцы верасня 2022 года. Усяго было чатыры ўцечкі на трох нітках трубаправодаў.
Турысты з якіх краін браніравалі летась менскія гасцініцы
Загрузка гасцініц Менска ў мінулым годзе была амаль на 11 працэнтаў большая, чым у пазамінулым. Пра гэта піша БелТА. Адзначаецца, што сітуацыя цалкам аднавілася адносна дакрызіснага для турыстычнай галіны 2019 года, а загружанасць перавысіла 52 працэнты. Агулам на сёння ў сталіцы краіны працуе 55 гасцініц, якія разлічаны больш як на 11 тысяч месцаў. Пры гэтым за мінулы год большасць замежных турыстаў у менскіх гатэлях былі з Расеі (84,4%) і Кітая (2,3%), а таксама Латвіі, Літвы і Узбекістана (прыкладна па 2%).
Летась Беларусы заснавалі ў Польшчы 1700 бізнесаў
У 2023 годзе іншаземцы заснавалі ў Польшчы 12,8 тысяч прадпрыемстваў, на 11% больш чым годам раней, піша Puls Biznesu. Яшчэ ніколі іншаземцы не адчынілі столькі кампаній як летась. Гэта пацвярджае, што яны адчуваюць сябе ў Польшчы бяспечна і спадзяюцца развіваць прыбытковы бізнес, адзначае выданне.
Агулам за мінулы год іншаземцы са 106 краін зарэгістравалі свае прадпрыемствы ў Польшчы. Як і раней, у лідарах знаходзяцца ўкраінцы, якія заснавалі 3,8 тысячы прадпрыемстваў. На другім месцы беларусы – 1700, на трэцім немцы – 505 прадпрыемстваў. Найбольш прывабнай для замежных бізнесоўцаў з’яўляецца Варшава. На чарговых месцах Уроцлаў, Кракаў, Познань, Гданьск і Беласток.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: F64






